Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Таццяна Кажура – з дынастыі сувязістаў

Таццяна Кажура, пра якую хочацца расказаць, прадстаўніца гэтай важнай прафесіі ў трэцім пакаленні. Адразу пасля школы прыйшла яна ў тагачасны вузел сувязі, дзе працуе ўжо болей за трыццаць гадоў.

Пачалася іх дынастыя з дзядулі Мікалая Аляксандравіча Ахрэма, які абслугоўваў лінейныя збудаванні ў Куранцы. Затым сувязістамі сталі яго сын Георгій Мікалаевіч і нявестка Таццяна Сяргееўна. Двое іх дзяцей, Сяргей і Таццяна, таксама пайшлі па слядах працавітых бацькоў.

– Так атрымалася, што я прыйшла працаваць у вузел сувязі пасля школы, – прыгадала юнацтва Таццяна Георгіеўна. – Бацька рана пайшоў з жыцця, і мы са старэйшым братам Сяргеем разумелі, што трэба працаваць, бо адной маме цяжка. Пачынала я з аддзела падпіскі. У кабінеце, дзе мы размяшчаліся, было заўсёды людна, бо ў той час на розныя выданні падпісваліся актыўна. Памятаю, і ў нашу сям’ю прыходзіла некалькі газет і часопісаў, якія мы чыталі з задавальненнем.

Тыя гады працы ў аддзеле падпіскі навучылі Таццяну Георгіеўну галоўнаму – знаходзіць агульную мову з людзьмі. Канешне ж, іншы раз гэта і няпроста, але ў яе заўсёды ўсё атрымліваецца.

– У 1996 годзе вузел сувязі раз­дзялілі на дзве асобныя арганізацыі – паштовую і электрасувязь, – расказала Таццяна Георгіеўна. – Мама з братам выбралі «электра-», я – паштовую. І ніколечкі зараз не шкадую. Працую цяпер аператарам галоўнай касы, адной з функцый якой з’яўляецца забеспячэнне ўсіх аддзяленняў сувязі грашыма. Справа важная, сур’ёзная і адказная.

За дзясяткі гадоў працы Таццяна Георгіеўна стала прафесіяналам сваёй справы, заслужыла ганаровае званне «Ветэран працы». Яе сумленная праца адзначана многімі граматамі і падзякамі, а партрэт жанчыны заносіўся на раённую Дошку гонару. Калектыў, у якім працуе, яна лічыць сваёй другой сям’ёй, дзе пануюць паразуменне і ўзаемадапамога. З удзячнасцю ўзгадвае жанчына сваіх настаўнікаў у прафесіі, хто дапамагаў ёй у самым пачатку працы. Гэта перш за ўсё Людміла Кірыльчык, якая на той час была намеснікам начальніка і ва ўсім дапамагала маладым супрацоўнікам. Ды і тагачасны кіраўнік Уладзімір Місюль заўсёды цікавіўся, як людзям працуецца, што іх радуе і хвалюе.

– Неабыякавыя, энергічныя людзі, за што ім дзякуй, – зазначыла Таццяна Георгіеўна і дадала: – Як і сённяшні наш кіраўнік Таццяна Дзятліковіч, якая, здаецца, і жыве работай. Энергічная, лёгкая на пад’ём, аптыміст па натуры – такая яна, Таццяна Міхайлаўна. Урэшце, кіраўнік і павінен быць такім.

Увесь вольны ад працы час Таццяна Георгіеўна аддае сваёй сям’і – мужу і сыну, які справай жыцця выбраў чыгунку і пасля заканчэння ўніверсітэта працуе майстрам у сталічным дэпо. Самастойным, адказным чалавекам выхавалі яго бацькі, ды іншым ён і не мог быць – іх прыклад у яго заўсёды быў на вачах.

Пачаўся дачны сезон, і сям’я Кажураў увесь вольны час право­дзіць на дачы ў Куранцы. Тут яны аднаўляюць-падладжваюць дзядулеў дом, завіхаюцца на агародзе ды ў кветніках.

– Я тут адпачываю душой, – прызналася мая суразмоўца. – Праполеш градку – прысядзеш на лавачцы пад вінаградам, адпачнеш. Такое задавальненне! Любім мы дачныя клопаты і заўсёды з нецярпеннем чакаем выхадных, каб адправіцца на вёску. Тут сапраўдны адпачынак, для душы.

Сёлетні май для Таццяны Геор­гіеўны асаблівы: хутка яна адзначыць свой прыгожы юбілей, і яшчэ дзве добрыя і важныя для іх сям’і падзеі адбудуцца ў гэтым месяцы. Так што жыццё, поўнае і вытворчых, і асабістых планаў, задумак і падзей, працягваецца і радуе.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з асабістага архіву гераіні публікацыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 186 queries