Першы месяц вясны ўжо перадаў эстафету другому, а гэта значыць, што клопатаў у аграрыяў прыбаўляецца. Разам з тэмпературай на тэрмометры растуць і тэмпы палявых работ. Падыходзіць да завяршэння сяўба ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, і гэта важная работа сёлета па тэмпах значна апераджае мінулагоднія паказчыкі. Так, на 1 красавіка ў гаспадарках раёна было пасеяна 3770 гектараў, што складае 80 працэнтаў да плана.
Святкаваць будзем потым – з такой устаноўкай і ў такім веснавым рэжыме працуюць вяскоўцы, выкарыстоўваючы кожную спрыяльную для сяўбы і іншых работ гадзіну. Галоўнае цяпер – своечасова і якасна выканаць работы, што будзе добрым задзелам пад будучы ўраджай.
Перадавога механізатара адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры» Сяргея Кезіка сустрэлі на полі каля Гасцілава – тут ён на магутным «Фэндт-930» сеяў ячмень. За час працы ў гаспадарцы (а гэта болей за дзевяць гадоў) веснавыя клопаты для механізатара сталі звыклымі. Прафесіянал сваёй справы, ён выконвае свае абавязкі старанна, з душой. Таму і давяраюць яму ў гаспадарцы. Цяпер – сяўба, а прыйдзе лета – для механізатара пачнецца нарыхтоўка кармоў, пазней – сяўба рапсу, свірэпкі… І так з году ў год – не перарываецца кола звыклых сельскагаспадарчых работ.
Ірына БУДЗЬКО/фота Соф’і ЦЕРАШ