Кожны з нас штосьці плануе ў сваім жыцці. І на бліжэйшы час, і на далейшую перспектыву. Вось і родныя Клаўдзіі Антонаўны Пінчук, якой на днях споўнілася сто гадоў, меркавалі адзначыць гэту дату цесным сямейным колам у бацькоўскім доме. Ды не атрымалася – якраз напярэдадні прыгожага юбілею Клаўдзія Антонаўна трапіла ў траўматалагічнае аддзяленне раённай бальніцы. Што ж, у жыцці бывае ўсялякае.

І ўсё ж у дзень, калі бабулі споўнілася сто гадоў, яна не засталася без віншаванняў. І не толькі ад самых блізкіх ёй людзей. Цёплыя словы і найлепшыя пажаданні знайшлі для Клаўдзіі Антонаўны жанчыны, што суседнічаюць з ёй у гэты час у бальнічнай палаце, медыцынскія работнікі.
З падарункамі і кветкамі прыйшлі да доўгажыхаркі і намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Жанна Петух, загадчыца аддзялення надомнага абслугоўвання Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Данута Раманоўская, якія шчыра павіншавалі юбіляршу, пажадаўшы ёй моцнага здароўя і хуткага вяртання дадому. Расчуленая такой увагай бабуля абяцала: абавязкова. Няхай так і будзе, паважаная Клаўдзія Антонаўна. Моцы Вам і аптымізму!
Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара








