На сёлетнім абласным свяце «Дажынкі» ў Заслаўлі заслужаныя ўзнагароды былі ўручаны і некаторым хлебаробам Вілейшчыны.

У іх ліку трактарыст-машыніст адкрытага акцыянернага таварыства «Алая зара» Ігар Крот, які ўдастоены Ганаровай граматы рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Яшчэ да арміі пачаў Ігар свой працоўны стаж у мясцовай гаспадарцы, а пасля службы зноў вярнуўся сюды. Пра іншае і не думаў, бо нарадзіўся і вырас у сям’і аграрыяў – бацькі працавалі і працуюць у «Алай зары», тут жа шчыруе і бабуля. Менавіта пад іх уплывам вызначаўся з будучыняй хлопец, і выбарам была сельская гаспадарка.
Вясной і восенню – падрыхтоўка глебы пад сяўбу, улетку – нарыхтоўка кармоў. Гэта асноўныя работы, якія выконвае перадавы механізатар. І спраўляецца са сваімі абавязкамі выдатна.
Усё ладзіцца і ў асабістым жыцці Ігара Мікалаевіча. Яны з жонкай гадуюць трох дачушак, і яны галоўныя гонар і радасць бацькоў. Клапатлівы муж і бацька, перадавы працаўнік – гэта і ёсць важнейшыя складаемыя шчасця Ігара Крата, чым ён вельмі даражыць.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Таццяны ШАРШНЁВАЙ








