Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пётр Седы з «Новай Віліі»: жывём думкамі пра чарговае жніво

У раёне прайшла важная падзея – злёт перадавікоў народнай гаспадаркі. Гарадскі Дом культуры сабраў самых працавітых, адданых сваёй справе, таленавітых людзей Вілейшчыны. У іх ліку быў і перадавы вадзіцель адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Вілія» Пётр Седы, які па выніках мінулага года
ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вілейскага раённага выканаўчага камітэта. Так адзначаны яго шматгадовая плённая праца, прафесіяналізм, значны асабістыўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна.

Гляджу на гэты фотаздымак, і міжволі ўзгадваюцца эпізоды мінулага лета, калі мы, журналісты, разам з кіраўніцтвам раёна і самадзейнымі артыстамі, выязджалі на палі, каб павіншаваць удзельнікаў жніва. Памятаю, як перадавы экіпаж камбайнераў «Новай Віліі» ў складзе Пятра і Яўгена Седых урачыста прымацоўваў на кабіне свайго камбайна таблічку з запаветным надпісам «1000 тон». Гэта быў першы вынік шчырай працы бацькі і сына. А затым было і чарговае дасягненне – 2000 намалочанай збажыны.

Крышку сумеўшыся ад такой увагі, яны прымалі падарункі, падзячныя словы, музычныя віншаванні і пажаданні новых поспехаў. Памятаю, звярнула ўвагу, з якой павагай глядзеў сын на бацьку і як свяціліся бацькавы вочы ад гонару за сына і іх агульны поспех. Сціплыя, тактоўныя, усмешлівыя, акуратныя, відаць па ўсім, як у працы, так і ў жыцці – такія цёплыя ўражанні засталіся ад сямейнага экіпажа Седых.

Час хуткацечны. Здаецца, зусім нядаўна было яно, жніво-2024, а ўжо неўзабаве разгорнецца і чарговая сяўба. Не перарываецца кола хлебаробскіх клопатаў. Чым заняты зараз Пётр Седы і ці парадуе нас сямейны тандэм і на наступным жніве? На гэтыя пытанні Пётр Вячаслававіч адказаў так:

– Пакуль заняты звыклымі вадзіцельскімі клопатамі. А час і сапраўды не ідзе, а ляціць. Вось і зіма закончылася. Так што жывём думкамі пра чарговае жніво. Што датычыць нашага сямейнага экіпажа, то, думаю, ён і ў гэтым годзе будзе – Яўген наш пакуль не плануе пакідаць бацькоўскі дом і родную гаспадарку.
Значыць, пра Седых мы яшчэ пачуем і парадуемся за іх.

Ірына БУДЗЬКО. Фота з архіву рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 168 queries