Вельмі часта пра важнасць і патрэбнасць той ці іншай прафесіі гаворыць ужо сама назва таго, чым чалавек займаецца і дзе працуе. Аляксандр Кляшняк, размова пра якога пойдзе ніжэй, – дарожны рабочы ўчастка «Будаўніцтва і рамонт аб’ектаў добраўпарадкавання і вулічна-дарожнай сеткі ГУП «Вілейская ЖКГ».
І ўжо з самой назвы вынікае, што, працуючы ў адной з самых важных і, разам з тым, клопатных арганізацый, чалавек робіць вельмі патрэбную грамадству справу.
– Наша брыгада працуе і ў горадзе, і ў раёне, – падзяліўся Аляксандр Міхайлавіч. – Вось і ў адышоўшым годзе былі заняты на многіх аб’ектах. Гэта і аглядная пляцоўка, дзе клалі плітку, і сцэна ў ніжнім парку (добраўпарадкоўвалі і яе, і тэрыторыю ля яе). Дом №31 по вуліцы 17 Верасня, дваравая тэрыторыя дома №40 па вуліцы Талстога, добраўпарадкоўванне тэрыторый у Шылавічах – гэта таксама адрасы некаторых аб’ектаў, на якіх працавалі ў мінулым годзе.
У Вілейскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы Аляксандр Кляшняк працуе дзевяць гадоў. За гэты час зарэкамендаваў сябе як працавіты, граматны і адказны чалавек, які своечасова і якасна выконвае зменныя заданні і заўсёды з адказнасцю ставіцца да даручанай справы. Таму і выбралі Аляксандра Міхайлавіча брыгадзірам участка.
Па працы – і пашана. Гэты выраз вельмі падыходзіць для характарыстыкі героя гэтага матэрыяла. Так, сціплая праца Аляксандра Клешняка адзначаецца і калегамі, і кіраўніцтвам. Для першых ён – дастойны прыклад чалавека на сваім месцы, у якога можна вучыцца адносінам да справы; для другіх – адказны і надзейны працаўнік, перадавік. У свой час поспехі Аляксандра Міхайлавіча адзначаліся Ганаровай граматай дзяржаўнага аб’яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці», Падзякай старшыні Вілейскага раённага выканаўчага камітэта, а ў мінулым годзе партрэт перадавога працаўніка занесены на Дошку гонару Вілейскага раёна ў намінацыі «Лепшы работнік у сферы ЖКГ і бытавога абслугоўвання насельніцтва».
Такі ён, Аляксандр Кляшняк, – сціплы працаўнік, чалавек, які ўпрыгожвае не толькі сваё працоўнае месца і прафесію, але і Вілейшчыну. Для ўсіх нас упрыгожвае.
Ірына БУДЗЬКО