Са Святланай Пескавой, брыгадзірам малочна-таварнай фермы «Нарач» адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры», мы знаёмыя даўно. Не раз мне даводзілася расказваць на газетных старонках пра гэту цудоўную жанчыну і старанную працаўніцу.
Вось і цяпер такая нагода: па выніках раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на вытворчасці жывёлагадоўлі ў 2024 годзе яна прызнана лепшай сярод сваіх калег па раёне. Прызнаюся шчыра, мяне гэта ніколькі не здзівіла, бо ведаю Святлану Мікалаеўну як высакакласнага прафесіянала.
Больш за тры дзясяткі гадоў яна на пасадзе брыгадзіра малочна-таварнай фермы. Пад яе кіраўніцтвам больш за два дзясяткі чалавек, і калектыў гэты з’яднаны доўгімі гадамі сумеснай працы, агульнымі мэтамі і інтарэсамі. Зона адказнасці калектыву – 1300 галоў цялятак, кароў, бычкоў. «Як нехта трапна пажартаваў, цэлы калгас на ферме», – з усмешкай зазначыла Святлана Мікалаеўна.
Яе праца на ферме адзначана многімі ўзнагародамі, якія няпроста і пералічыць. З зусім новых – Ганаровая грамата за дасягненне лепшых паказчыкаў у працы ў абласным спаборніцтве, якую Святлане Мікалаеўне і іншым пераможцам уручылі нядаўна на ўрачыстасці ў Дзяржынску. Так што заслугі працавітай жанчыны адзначаюць не толькі ў сваім раёне.
«Душой прапісана да вёскі» – так калісьці я назвала свой матэрыял пра гэту шчырую працаўніцу. Не мяняю сваю думку і цяпер: да Нарачы яна прапісана ўсёй душой. І да сваёй фермы, і да калектыву, з якім працуе, – таксама. А працоўныя дасягненні жанчына не лічыць толькі сваёй заслугай. «Добрая ферма, дружны калектыў, падтрымка, увага і дапамога з боку кіраўніцтва, спецыялістаў – усё гэта і ёсць складаемыя поспеху, – упэўнена Святлана Мікалаеўна. – Нашага агульнага поспеху».
І з гэтым не паспрачаешся.
Ірына БУДЗЬКО