Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На Вілейшчыне тысячнікаў стала больш

Пакуль надвор’е дорыць нам сюрпрыз за сюрпрызам, усталёўваючы за акном то даждлівую «восень» у ліпені, то ліпеньскую спёку ў жніўні, жніво працягвае радаваць рэкордамі. І, як і абяцалі ў мінулым нумары, працягваем знаёміць з пераможцамі, якія сёння працуюць на палях.

Маршрут тых, хто паспяшаўся павіншаваць іх з працоўнай перамогай, не змяніўся – кірунак зноў узялі на Даўгінава. Першы, каму былі адрасаваны падзячныя словы старшыні Вілейскага райвыканкама Анатоля Завацкага, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыны Супрановіч і першага сакратара райкама ГА «БРСМ» Дзіяны Камінскай – камбайнер ААТ «Новая Вілія» вытворчага ўчастка «Даўгінава» Аляксандр Сташкевіч. Віншаваннні з высокім вынікам прагучалі і ад Івана Грыба, які зараз выконвае абавязкі кіраўніка, а таксама прафсаюзнага лідара сельгаспрадпрыемства Аляксандра Бяганскага. Да іх далучыліся і супрацоўнікі Даўгінаўскага Дома культуры.

Пра тое, што ў гэтым сезоне Аляксандр Сташкевіч ужо намалаціў першую тысячу тон, цяпер сведчыць спецыяльная адзнака на яго камбайне. Знаёмімся з перадавіком бліжэй. Аляксандр – з Будслава Мядзельскага раёна, адтуль кожны дзень ездзіць на працу. На Мядзельшчыне ён не раз удзельнічаў ва ўборачнай, таксама быў у перадавіках, а на Вілейшчыне гэта яго першы сезон на жніве. Умовы працы і водгукі знаёмых сталі прычынай змены працоўнага месца, расказаў малады камбайнер. «Ураджай добры, толькі дажджы, канечне, уборцы перашкаджаюць», – дзеліцца ён.

Аляксандр заканчваў Мар’інагорскі каледж. З сельскай гаспадаркай у сям’і Аляксандра сёння звязаны толькі ён. Бацька – чыгуначнік, маці працуе ў сферы сацыяльнага абслугоўвання. Жонка Марына працуе ў Крывічах на «хуткай», а зараз з дачушкай Валерыяй у дэкрэце. Маладая сям’я купіла дом і плануе дабудаваць яго, жыць у сваім – іх мара. А кожная працоўная перамога набліжае да яе ажыццяўлення.

На другім полі, дзе убіралі рапс, з тысячнымі намалотамі віншавалі вядомы на Вілейшчыне сямейны экіпаж Седых. Адказна працуюць у пары бацька, Пётр Вячаслававіч, і сын Яўген. Добра вядомы нашым чытачам і Уладзімір Батура, праца і высокія вынікі якога таксама заслугоўваюць павагі.

«Наперад, да новых поспехаў і другой тысячы тон!» – такое пажаданне адрасаваў камбайнерам старшыня райвыканкама Анатоль Завацкі.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 191 queries