Кожнаму чалавеку важна быць заўважаным, ведаць, што яго праца патрэбна людзям, усведамляць, што і ён, адказна выконваючы свае працоўныя абавязкі, мае дачыненне да агульнай справы. А яшчэ чалавеку працы важна пачуць слова «дзякуй». Нагодай для гэтага на Вілейшчыне стала святкаванне Першамая.

Старт мерапрыемствам быў дадзены ў гарадскім парку, дзе адметную атмасферу стваралі разнастайныя тэматычныя лакацыі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі ўстаноў культуры і адукацыі Вілейшчыны, працавалі гандлёвыя рады. Пра гісторыю святкавання Першамая расказала фотавыстава краязнаўчага музея. Архіўныя фотаздымкі паказалі, як змяніліся рэаліі і ўмовы жыцця, на змену былым прыйшлі новыя пакаленні, але традыцыя ўшаноўваць чалавека працы засталася.

Першамайскае дзейства захапіла і Цэнтральную плошчу, дзе адбыўся ўрачысты запуск фантана. Зноў заззялі яго празрыстыя струмені ў промнях веснавога сонца – на радасць дзецям і дарослым. Цэнтрам жа святочнай дзеі стаў гарадскі Дом культуры, які сустракаў удзельнікаў раённага злёту ветэранаў працы гукамі музыкі, фотазонамі, дэгустацыямі-продажамі прадукцыі вілейскіх прадпрыемстваў. Трэба сказаць, што і хлебныя, і малочныя вырабы ад спажыўцоў атрымалі адзнаку выдатна – якасць на ўзроўні.

Сустрэчы былых калег падарылі нямала прыемных хвілін: было што ўспомніць і абмеркаваць. «Прыемна, што пра нас памятаюць, запрашаюць на свята», – не раз адзначалі ветэраны працы падчас рэгістрацыі. Перад пачаткам мерапрыемства на спецыяльнай фотавыставе ў фае кожны мог убачыць твары землякоў, якімі ганарыцца Вілейшчына. Афанасій Ахрэм, Міхаіл Казінец, Ула-дзімір Слабодчыкаў, Адам Грымаць, Барыс Цітовіч, Пётр Міклашэвіч, Іван Літвіновіч, Вадзім Сіняўскі – іх жыццёвай калыскай стала вілейская зямля. Быў прадстаўлены і наш спецыяльны праект «Насустрач Першамаю», прысвечаны людзям Вілейшчыны, якія кожны на сваім месцы спрыяюць дабрабыту і развіццю раёна.
І вось – урачыстае адкрыццё злёту ветэранаў працы. Іх увазе быў прапанаваны фільм пра Вілейскі раён, пра тое, чаго дасягнулі мы ўсе разам у кожнай галіне народнай гаспадаркі ў 2024 годзе.

Віншаванні з галоўным прафсаюзным святам працаўнікам Вілейшчыны адрасаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Завацкі. Знаёмы лозунг «Мір! Праца! Май!» мае для нас асаблівую каштоўнасць, дадае новых сіл і дорыць новыя надзеі, адзначыў ён. А праца на агульны вынік, падкрэсліў Анатоль Мікалаевіч, прынясе кожнаму жыхару раёна карысць і дабрабыт. Любыя намаганні будуць паспяховымі, калі ажыццяўляюцца разам – з гэтымі словамі не паспрачаешся. А яшчэ Анатоль Завацкі павіншаваў «першамайскую» імянінніцу, якая ў гэты дзень была ў зале, – Тамару Антонаўну Бохан, прадстаўніцу Вілейскага дзяржаўнага каледжа.

Лідары галіновых прафсаюзаў заслужанымі ўзнагародамі адзначылі ветэранаў і працаўнікоў дня сённяшняга. А таленавітыя артысты Вілейшчыны і юныя спартсмены падарылі запамінальныя канцэртныя нумары. Апладысменты і шчырыя ўсмешкі сталі для іх узнагародай – свята адбылося і пакінула пра сябе прыемныя ўспаміны.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара і Алены ЦІМАФЕЕНКА























