Капліца сядзібнага комплексу “Ганута” роду Агінскіх урачыста адкрылася пасля рэстаўрацыі – менавіта 25 верасня, у 260-ты дзень нараджэння Міхаіла Клеафаса Агінскага, палітыка, дыпламата, мецэната, мастака, кампазітара. Канечне, гучаў у гэты дзень і яго знакаміты паланэз, кранаючы душу кожнага, хто меў дачыненне да рэстаўрацыі, каму неабыякавая гісторыя родных мясцін і ўвогуле наша гісторыя.

Мерапрыемства ў маляўнічай Ручыцы сабрала людзей неабыякавых, для якіх аднаўленне капліцы – значная падзея ў адраджэнні культурнай спадчыны Вілейшчыны. Кожны этап рэстаўрацыі быў узгоднены і вывераны са спецыялістамі і кампетэнтнымі ў гэтай справе дзяржаўнымі ўстановамі.

Над аднаўленнем і рэстаўрацыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка, старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання рэстаўратараў Міхаіла Жыха былі аб’яднаны на дабрачыннай аснове лепшыя майстры рэстаўрацыі. Значны ўнёсак у агульную справу зрабілі супрацоўнікі ТАА «БМП-128» (дырэктар Сяргей Салаўёў, скульптуры Рэстаўрацыйна-будаўнічай кампаніі «Адраджэнне» (дырэктар Андрэй Скарына) і спецыялісты РУП “Інстытут “Белжылпраект” (дырэктар Дзяніс Жэйма).

Прывітальныя лісты Вілейскага райвыканкама кожнаму за значны асабісты ўклад уручыла намеснік старшыні Людміла Сляпцова. Не былі ў баку ад добраўпарадкавання помніка гісторыі і самі віляйчане – старшыня Нарачанскага сельвыканкама Алена Абрамчык, дырэктар ААТ “Нарачанскія зоры” Генадзь Кучко, дырэктар Вілейскага доследнага лясгасу Дзмітрый Дрозд, дырэктар Вілейскага дзяржаўнага каледжа Сяргей Кавалёнак, актывісты раённага камiтэта ГА “БРСМ” на чале з першым сакратаром Дзіянай Камінскай, чый удзел у важнай справе таксама быў адзначаны.


Экскурс у гісторыю пад гукі таго самага паланэзу ў выкананні таленавітых прадстаўнікоў Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў для прысутных ажыццявіла старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Вольга Коласава. Асвячэнне капліцы адбылося з удзелам ксяндза касцёла Узвышэння святога крыжа ў Вілейцы Аляксандра Барылы.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара














