Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Любоў да працы – у генах і характары

Пастуховы – прозвішча ў Рабуні вядомае. Кожны, у каго ні спытай пра гэту сям’ю, адкажа: людзі дастойныя – працавітыя, сумленныя, сціплыя. Чатыры дзясяткі гадоў таму назад прыехалі яны на Вілейшчыну з Расіі і даўно сталі тут сваімі.

– Я нарадзілася ў Мінску, а бабуля з дзядулем былі родам з Вілейшчыны, – расказала пра сябе Таісія Пастухова, перадавая даярка адкрытага акцыянернага таварыства «Алая зара». – Затым наша сям’я жыла ў Расіі, дзе я і замуж выйшла. Працавалі там у саўгасе. А пасля, так склалася, жыццё прывяло нас на Вілейшчыну, і, дарэчы, мы ні разу не пашкадавалі аб гэтым.
Таісія Паўлаўна з мужам выгадавалі дваіх дастойных дзяцей, якія таксама зараз працуюць у мясцовай гаспадарцы: сын Аляксандр – трактарыстам, дачка Наталля – у жывёлагадоўлі. У свой час яны закончылі колішні Ільянскі тэхнікум, набыўшы важныя для сельскай гаспадаркі прафесіі.

– Так атрымалася, што я даволі рана засталася без мужа, – падзялілася Таісія Паўлаўна,  – і дзеці сталі маёй галоўнай апорай і надзеяй. І, дарэчы, ніколі мне не было за іх сорамна. Як і за ўнукаў Ігара, Вікторыю, Максіма і Ангеліну. Дастойнымі людзьмі выраслі і яны, стварылі сем’і і падарылі мне ўжо шасцёра праўнукаў. Жывуць усе добра, няма ў нас ахвотнікаў да п’янак. Так што сям’я – гэта маё шчасце.

Нягледзячы на тое, што ўжо даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, Таісія Паўлаўна яшчэ працуе на ферме ў Рабуні. Не ўяўляе пакуль жыцця без свайго калектыву ды каровак, якім аддала тут, у мясцовай гаспадарцы, сорак гадоў.

Жанчына прызналася, што за ўвесь гэты час Вілейшчына стала для яе радзімай. І не толькі для яе, але і для яе дзяцей, унукаў і праўнукаў, якімі ганарыцца. Вось і нядаўна на старонках газеты мы пісалі пра перадавога механізатара «Алай зары» Ігара Крата, аднаго з унукаў Таісіі Паўлаўны. Што тут скажаш, працавітасць, стараннасць, чалавечнасць у гэтай сям’і, відаць, на генным узроўні.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 168 queries