Гэта ведаюць, напэўна, на кожнай вытворчасці. Ведаюць і давяраюць справу прафесіяналам.
На Вілейскім рамонтным заводзе машыністам аўтамабільнага крана ўжо з далёкага 1997 года і па сёння працуе Віктар Чараповіч. У жніўні мінулага года Віктар Яўгенавіч стаў пенсіянерам, але пакуль што не развітваецца са сваім калектывам, у якім працуе ўжо болей за сорак гадоў. «Як прыйшоў пасля арміі, так і адпрацаваў аж да пенсіі», – так коратка ахарактарызаваў мужчына свой працоўны шлях.
Прафесія кранаўшчыка, якую ў свой час Віктар Яўгенавіч атрымаў у Вілейскім вучэбным камбінаце, адказная, патрабуе высокай кваліфікацыі. Кіраваць кранам пры падняцці, перамяшчэнні самых розных грузаў – справа не з лёгкіх. Тут многае трэба ведаць: тэхнічныя характарыстыкі машын і механізмаў, якія абслугоўваеш, іх будову, інструкцыі па эксплуатацыі і многае-многае іншае. Канешне ж, вопытнаму кранаўшчыку Чараповічу ўсё гэта даўно вядома і зразумела, бо ў сваёй прафесіі даўно не навічок. Праца сумленнага працаўніка адзначана шматлікімі граматамі ды падзякамі, яго партрэт не раз змяшчаўся на Дошку гонару прадпрыемства.
Вольны ад працы час Віктар Яўгенавіч праводзіць са сваёй сям’ёй. З вясны да позняй восені ў іх з жонкай Аленай Мікалаеўнай галоўны маршрут – вёсачка Кузьмічы, малая жончына радзіма. Тут у Чараповічаў хапае спраў – і агароды, і любімыя жончыны кветнікі. Ва ўтульным вясковым доме любяць яны збірацца усёй сям’ёй, разам з дзецьмі і ўнукамі. І цяпер, зазначыў Віктар Яўгенавіч, яны жывуць у прадчуванні хуткіх веснавых клопатаў. Ды яны практычна ўжо і пачаліся – у руплівай гаспадыні на ўсіх вокнах дружна ўзнялася расада. Хутка на пастаяннае месца, у зямельку.
Ірына БУДЗЬКО