Сябры газеты – нашы падпісчыкі – звяртаюцца ў рэдакцыю па розных прычынах: адны – каб кагосьці павіншаваць, другія – задаць хвалюючае пытанне, трэція – каб сказаць «дзякуй» добраму чалавеку. Як гэта зрабіла жыхарка Даўгінава Вацлава Перкулевіч, што на днях патэлефанавала ў рэдакцыю.
– У мяне ёсць праблемы са здароўем, – падзялілася жанчына, – таму без дапамогі сацыяльнага работніка не абысціся. Памочніцай ва ўсіх справах і ўжо нават родным чалавекам стала мне сацыяльны работнік Валянціна Валковіч. Мне вельмі пашчасціла, што лёс звёў з ёй. Калі Валянціна Мікалаеўна заходзіць у дом – здаецца, і сонейка ярчэй свеціць, і на душы цяплее, і жыць хочацца. А яна – спрытная, сумленная, лёгкая на пад’ём – хутка спраўляецца з усімі справамі, не чакае, пакуль я папрашу нешта зрабіць, а сама ўбачыць і зробіць. За працай яшчэ і пра навіны нейкія раскажа, супакоіць і падтрымае добрым словам. І так мне хораша, цёпла з ёй, што ледзь не плачу, калі мая Валянціна бяжыць па справах.

Добрыя словы сказала Вацлава Вацлаваўна і пра загадчыцу аддзялення надомнага абслугоўвання Дануту Раманоўскую, увесь калектыў гэтага аддзялення. З гэтай службай пенсіянерцы даводзілася блізка кантактаваць і раней, калі яна даглядала сваю хворую матулю, і цяпер жанчына пераканана: гэта душэўная служба, і людзі ў ёй павінны працаваць адметныя. Так яно і ёсць на справе.
Ірына БУДЗЬКО








