Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гаспадар справу знойдзе заўсёды

Чатыры дзясяткі гадоў адпрацаваў трактарыстам у ДЭУ-63 Георгій Мароз.

Працавіты, адказны, прафесіянал сваёй справы – так заўсёды характарызавала кіраўніцтва сумленнага працаўніка, які, аднойчы выбраўшы справу жыцця, ніколі ёй не здрадзіў. І арганізацыі мяняць не ў характары Георгія Аркадзьевіча – як прыйшоў у ДЭУ-63 у пачатку васьмідзясятых гадоў, так і адпрацаваў тут да выхаду на заслужаны адпачынак. Таму менавіта яго кандыдатуру прапанавалі ў арганізацыі для нашай перадсвяточнай рубрыкі.

Праца перадавога трактарыста адзначана многімі граматамі і па­дзякамі. Але мае Георгій Аркадзьевіч і вельмі значныя адзнакі сваёй сумленнай працы – нагрудныя знакі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь «Ганаровы дарожнік Беларусі» другой і першай ступеняў. Што і казаць, высока ацэнена нялёгкая праца чалавека. Але па яго заслугах.
Не сядзіць без справы Георгій Аркадзьевіч і на пенсіі. Не ў яго характары бавіць час на канапе ля тэлевізара.

– Спраў хапае, бо жывём у прыватным доме, – адзначае мужчына.  – А гэта значыць, і касіць трэба, і на агародзе завіхацца, і мноства іншых работ выконваць. У сезон люблю ездзіць у лес, збіраць грыбы і ягады – захапленне з дзяцінства. Дарэчы, і месцы ягадныя ды грыбныя ведаю. Іншы раз і з вудай пасядзець ля рэчкі таксама люблю, культурныя мерапрыемствы, што праходзяць у гора­дзе, наведаць.

А яшчэ Георгій Аркадзьевіч – выдатны музыка, на сямейных святах ён з задавальненнем бярэ ў рукі баян. Блізкія – жонка, сын з нявесткай ды дзве ўнучкі – любяць слухаць, як ён хораша іграе і спявае. Ды і ў гасцях знаёмыя не прамінаюць павесяліцца пад яго музыку.

Дарэчы, для любімых унучак дзядуля – першы дарадца, субяседнік, выхавальнік, якога яны вельмі любяць.

Ці не сумуеце па рабоце? На гэта маё пытанне Георгій Арка­дзьевіч адказаў так: «А сумаваць няма калі – справу сабе я знаходжу заўсёды». Вось так коратка, ёмка, па-гаспа­да­рску.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 166 queries