Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Доўгажыхар» ААТ «Буддэталі» Уладзімір Іваноўскі

«Каб зімою моцна спаць, трэба летам папрацаваць». Так адказвае начальнік парасілавой гаспадаркі ААТ «Буддэталі» Уладзімір Іваноўскі на маё пытанне наконт спецыфікі яго службы. Дарэчы, вельмі важнай, бо забяспечвае яна бесперабойную працу прадпрыемства, якому Уладзімір Сяргеевіч аддаў 43 гады. З усяго працоўнага калектыву «Буддэталяў», можна сказаць, ён адзіны такі «доўгажыхар».

А пачаўся яго працоўны шлях у далёкім 1982 годзе. Пасля заканчэння палітэха (у той час – Беларускага палітэхнічнага інстытута) і года працы на заводзе «Зеніт» малады інжынер-цеплаэнергетык родам з Сосенкі ўпершыню пераступіў парог буйнога дрэваапрацоўчага вілейскага прадпрыемства. Яму даверылі пасаду начальніка кацельнай. Служба была немалая  – 25 чалавек, у тым ліку два майстры і інжынер кантрольна-вымяральных прыбораў. З часам служба скарацілася да 15 чалавек, але адказнасці менш не стала.

«Самае галоўнае – умець прадугледзець любую пазаштатную сітуацыю, да якой у цябе павінна быць усё гатова і закуплена ўсё неабходнае, каб аператыўна выправіць магчымыя непаладкі. Толькі тады, як гавораць, можна спаць спакойна», – кажа Уладзімір Іваноўскі, абапіраючыся на прафесійны і жыццёвы вопыт.

Канешне, рознае здаралася за гады працы. Па маладосці і неасцярожнасці гарачай парай ён пашкодзіў ахоўны слой лёгкіх. На ўсё жыццё застаўся напамін пра тое, што бяспека заўсёды павінна быць на першым месцы, – астма.

Каб працаваць з катламі і іншым абсталяваннем, безумоўна, патрэбны трывалыя веды і навыкі. А каб працаваць з людзьмі, неабходна ўмець дамаўляцца, будаваць працоўныя адносіны на ўмовах узае­мапавагі і ўзаемападтрымкі, каб паспяхова вырашаць вытворчыя задачы. Уладзімір Сяргеевіч усімі гэтымі кампетэнцыямі валодае, таму падчас працоўнай дзейнасці быў занесены і на Дошку гонару, атрымліваў высокія ўзнагароды як прафесіянал сваёй справы.

«Пара даваць дарогу маладым», – кажа Ула­дзімір Іваноўскі, які ўжо сем год як на пенсіі. І гэта так – для кожнага адрэзку жыцця свае прыярытэты.

Дзеці Уладзіміра Сяргееві­ча – дачка Ірына і сын Андрэй – ужо дарослыя, падарылі яму пяць унучак, яго гонар, рэалізавалі сябе ў жыцці. І гэта галоўны здабытак чалавека працы, з якім мы пазнаёмілі нашых чытачоў напярэдадні Першамая.

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries