Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Дэпрэсію праганяю сама»

Гэта я пачула ад адной віляйчанкі. Як яна гэта робіць, жанчына ахвотна падзялілася.

Разгаварыліся з ёй выпадкова. Проста аказаліся суседкамі ў аўтобусе, і размова завязалася сама сабой. Гледзячы праз аконнае шкло на цёмныя хмары, што нізка навіслі над зямлёй, і на тое, як вецер злосна зрывае з дрэў жоўта-чырвонае лісце і некуды яго шпурляе-гоніць, загаварылі пра настрой.

– Сумная карціна, – канстатавала жанчына. – Не проста ж так людзі выдумалі восеньскую хандру… Сапраўды, настрой зараз невясёлы.

Я пагадзілася. Сама не вельмі люблю восень, сумнавата мне гэтай парой. А ёсць жа людзі, для якіх яна – любімая. Розныя мы ўсё ж, і гэта добра – некаму трэба любіць і восень.

– Невясёлы настрой – гэта не дэпрэсія, – з веданнем справы працягвала мая суседка. – Я гэта дакладна ведаю. Якраз такой парой многа гадоў таму страціла мужа. Ну мяне тады і накрыла… Не жыла, а існавала нібыта ў сне. Ад бяссонніцы валілася з ног, не магла, як кажуць, ні есці, ні піць. Прыходзілі дзеці, угаворвалі, тлумачылі, стараліся неяк развесяліць, але як толькі заставалася адна, мяне зноў накрывала. Дачка ўжо да ўрача прапаноўвала пайсці на лячэнне. І аднойчы я зразумела, што далей так не можа працягвацца, трэба нешта неадкладна рабіць. Памятаю той дзень і цяпер. Уранні падышла да люстэрка і, гледзячы на змучаную, схуднелую жанчыну ў ім, злосна загадала: «Усё! Хопіць, Марыя, бярыся за розум! Да чаго ты дайшла, як сябе запусціла! Больш ніякіх слёз!» Прызнаюся, і словам моцным сябе «прастымулявала» яшчэ… І ведаеце, неяк паступова пачала прыходзіць у сябе, раздумляцца. З таго часу з дэпрэсіяй ды хандрой, якая зацягнулася, змагаюся толькі так – станаўлюся перад люстэркам і «адчытваю» сябе. Дапамагае.

Да гэтага я ведала, што восеньскую хандру адны праганяюць любімым заняткам (вышываннем, напрыклад, маляваннем ці яшчэ чым), другія  – кубачкам духмянай кавы з шакаладам, трэція – шопінгам. А можна, як высвятляецца, і такім новым спосабам. Што ж, галоўнае – каб дапамагала.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries