Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

БАЦЬКІ І ДЗЕЦІ: эстафета ў надзейных руках

Гэту важную дэталь адзначаю, відаць, не толькі я: калі нейкая справа робіцца дружна, сям’ёй, то і вынікі яе радуюць. Пра гэта ў чарговы раз падумала, знаёмячыся з вынікамі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых сярод старшых камбайнераў і камбайнераў.

У ліку пераможцаў у гэтай намінацыі – тры сямейныя экіпажы працавітых людзей, з якімі даводзілася неаднаразова сустракацца падчас жніва. Вось і сёлета гэтыя экіпажы традыцыйна ў лідарах.

Бацька і сын Пётр і Яўген Седыя з адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Вілія» па выніках сваёй працы на жніве сёлета прызнаны пераможцамі раённага спаборніцтва, намалаціўшы 1869,5 тоны ўмоўнага збожжа на камбайн. Нягледзячы на сёлетняе даволі нялёгкае жніво, дружны тандэм Седых спрацаваў, як кажуць, на адным дыханні, зладжана.

Пётр Вячаслававіч, вадзіцель па прафесіі, з канца дзевяностых пачаў спрабаваць свае сілы ў якасці камбайнера, а з 2010 года садзіцца за штурвал камбайна кожнае жніво. І практычна штогод адзначаецца ў ліку пераможцаў. Цяпер жа, калі плячо ў плячо з бацькам стаў сын, праца пайшла яшчэ лепш. Яно і зразумела – родныя людзі, аб’яднаныя адной высакароднай справай, упэўнена ідуць да сваёй мэты.

Шматгадовае пацвярджэнне вышэйсказанага дэманструюць знакамітыя камбайнеры адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры» Мікалай Аркадзьевіч і Аляксандр Гарэлікі. Па выніках сёлетняй уборкі яны паказалі вынік усяго на крышку меншы, чым Седыя, і размясціліся на другім месцы. Ды сутнасць, думаецца, не ў гэтым. Галоўнае, што хлебаробы ў чарговы раз даказалі: яны – адны з лепшых. Шмат гадоў запар, а значыць, зусім не выпадкова. У лік лідараў увайшлі яшчэ тады, калі старшым камбайнерам быў бацька, а сын дапамагаў яму. Зараз жа на працягу некалькіх сезонаў у памочніках Мікалай Аркадзьевіч, а за галоўнага Аляксандр. Такая вось перастаноўка адбылася ў экіпажы, якая не адбілася на канчатковым выніку – Гарэлікі традыцыйна ў ліку пераможцаў.

І яшчэ адзін сямейны экіпаж камбайнераў вызначыўся сёлета на жніве і ўвайшоў у тройку лідараў – Станіслаў Іванавіч і Аляксандр Калягі з адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Вілія». З далёкага ўжо 1983-га працуе ў гаспадарцы трактарыстам-машыністам Станіслаў Іванавіч і на працягу дваццаці пяці гадоў у час жніва садзіцца на камбайн. Сёлета памочнікам бацькі стаў сын Аляксандр, які працуе ў горадзе і выкарыстаў свой водпуск для дапамогі вёсцы.

У ліку пераможцаў сярод камбайнераў штогод называецца і яшчэ адзін дбайны працаўнік «Новай Віліі» – Уладзімір Батура. Шмат гадоў ведаю гэтага чалавека, шчырая праца якога ў свой час адзначана медалём «За працоўныя заслугі».

У сям’і Батураў вырасла пяцёра дзяцей, старэйшыя з якіх былі памочнікамі ў бацькі-камбайнера. Зараз яны дарослыя, у кожная свая жыццёвая дарога. Дома ж застаўся толькі малодшы – васьмікласнік Ягор, які, упэўнена, у хуткім часе стане памочнікам у бацькі на жніве. Як некалі падзяліўся сам Уладзімір Васільевіч, сын «спіць і бачыць гэта».

Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіву рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 190 queries