Сустрэчы кіраўніцтва раёна ў працоўных калектывах – эфектыўная форма ўзаемадзеяння з насельніцтвам. Дзякуючы ім праблемныя пытанні не замоўчваюцца, а прадметны дыялог становіцца падставай для дзеяння. Чарговую такую сустрэчу правёў на днях старшыня Вілейскага райвыканкама Анатоль Завацкі – у гэты раз ён выступіў у калектыве раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Перш за ўсё ён адзначыў напружаную працу калектыва цэнтра падчас пандэміі і значны ўклад у забеспячэнне санітарнай бяспекі раёна. А яшчэ падзякаваў за актыўны ўдзел у жыцці раёна, адзначыўшы апошняе дасягненне – 1-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне сярод устаноў сацыяльнай сферы, вынікі якога былі падведзены на ўрачыстым мерапрыемстве 27 снежня ў гарадскім Доме культуры.
З якімі вынікамі Вілейшчына завяршыла 2024 год і з якімі планамі пачынае 2025-ты, Анатоль Мікалаевіч расказаў на канкрэтных прыкладах. Спачатку – пра хлеб надзённы, таму што мінулы сельскагаспадарчы год быў сапраўды плённым і збор зерня ў раёне перавысіў планку ў 100 тысяч тон. На год новы перад аграрыямі Мінскай вобласці, а значыць, і нашага раёна таксама, пастаўлена адказная задача – намалаціць не менш за 3 мільёны тон. Вытворчасць малака і мяса у раёне таксама ідуць актыўнымі тэмпамі, перавышаючы вынікі папярэдніх гадоў. Удой на карову сёння складае каля 6000 кг – лічбы гавораць самі за сябе. «Мір, суверэнітэт у нас ёсць, а харчовую бяспеку краіны мы забяспечым, – адзначыў Анатоль Завацкі. – Усё астатняе мы павінны ствараць самі, сваімі рукамі».
Сёння краіна знаходзіцца напярэдадні важнай падзеі – 26 студзеня адбудуцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На гэтым таксама зрабіў акцэнт старшыня райвыканкама. Наша краіна выбрала правільны накірунак развіцця і станаўлення – і жыццё гэта пацвярждае.
2025 год абвешчаны Годам добраўпарадкавання. У сувязі з гэтым Анатоль Мікалаевіч адзначыў, што нікому не трэба заставацца ў баку ад патрэб горада – ні арганізацыям раёна, ні яго жыхарам. Немагчыма зазірнуць у кожны двор, каб даведацца, як там справы, таму і патрэбны сустрэчы з насельніцтвам, якія могуць падказаць адрас праблемы – для яе вырашэння сумеснымі намаганнямі. З улікам гэтых зваротаў і пажаданняў фарміруецца план работы райвыканкама на будучы перыяд. Гэта сустрэча не стала выключэннем, пыталіся і пра дарогі, і пра якасць вады.
Размову з калектывам працягнулі намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Марына Вазняк і намеснік па сацыяльнай сферы Людміла Сляпцова, спыніўшыся на ключавых момантах дзейнасці.
Што датычыць будаўніцтва, удакладніў Анатоль Завацкі, у пабудаваныя аднакватэрныя тыпавыя домікі на «Паўночным» ужо засяліліся іх гаспадары – шматдзетныя сем’і. А ў лістападзе 2024-га пачалося будаўніцтва шасціпавярховага 36-кватэрнага дома ў гэтым жа мікрараёне. «Паўночны-41» складаецца з 16 кватэр для работнікаў сілавых структур, па 3 кватэры для сваіх работнікаў будуюць Вілейскі прымысловы ўчастак Мінскага малочнага завода лясгаса, астатнія – сацыяльнае жыллё (для маладых спецыялістаў і іншых ільготных катэгорый). У планах будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 600 галоў каля Крывога Сяла: у 2025-м пачнуцца будаўніча-мантажныя работы, да канца 2026-га будаўніцтва павінна завяршыцца. Чакае інвестара ўчастак у Чыжэвічах, дзе плануецца турыстычна-аздараўленчы комплекс, на гэты конт было дзве заяўкі ў райвыканкам, але канкрэтнымі дзеяннямі яны пакуль не падмацаваліся.
Падрабязна пра рэалізацыю праграмы «Чыстая вада» на Вілейшчыне расказаў дырэктар водаканала Аляксандр Міна, а начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жанна Старадуб зрабіла анонс асноўных раённых мерапрыемстваў, сярод якіх – акцыя «Галасы роднай краіны», якую Вілейка прыме 18 студзеня.
Парадак на зямлі – да гэтага таксама маюць дачыненне работнікі цэнтра. Сумесна з жыллёва-камунальнай гаспадаркай і іншымі зацікаўленымі службамі яны ствараюць імідж раёна – як месца, дзе падабаецца бываць і куды хочацца вяртацца. Два гады праводзяцца ў раёне Дні савета, гэта практыка прыжылася, і яе вынікі не застаюцца па-за ўвагаю насельніцтва. У Год добраўпарадкавання хочацца, каб кожны жыхар Вілейшчыны завёў сабе добрую звычку – з павагай ставіцца да працы іншых і прыносіць карысць сваёй малой радзіме.
Таццяна ШАРШНЁВА. Фота аўтара
Урачысты момант узнагароджання за ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне.
Фота з архіву рэдакцыі