Не першы год падчас жніва праводзіцца акцыя Беларускага саюза жанчын «Хлеб на далонях жанчыны». Бо прыгожым і далікатным жаночым рукам многае пад сілу, нават уборка ўраджаю.

…Алена Апацкая выходзіць з кабіны камбайна. Ні спёка, ні стомленасць не могуць сцерці з твару мяккую усмешку, якой яна вітае нас. Знаёмімся. Ужо чацвёрты раз Алена ўдзельнічае ва ўборачнай. Працуе ў пары з айчымам Аляксеем Іванцом, трактарыстам-машыністам ААТ «Новая Вілія». А ў звычайным жыцці Алена Апацкая настаўніца сталічнай сярэдняй школы №96. Складана на жніве? Не без гэтага, прызнаецца яна, але да ўсяго прывыкаеш, калі паважаеш працу хлебароба.
Сёння не кожнай дваццацігадовай дзяўчыне хопіць навыкаў, характару і жадання, каб дзяліць з мужчынамі адказны і няпросты абавязак. А ў яе атрымоўваецца. Падарунак ад вілейскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, словы падзякі дораць хвілінку адпачынку і паднімаюць настрой – і зноў пара за працу. Пакуль надвор’е – кліча жніво.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара








