Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

50 гадоў + яркія імгненні. Прысвячаецца Вязынскай сярэдняй школе

Прысвячаецца Вязынскай сярэдняй школе і выпускнікам 1973 года, маім аднакласнікам. Так пачала свой ліст у рэдакцыю Валянціна Трухнова (Соніч).

Наша сустрэча са школай адбылася не зімой, як звычайна, а ўлетку, праз пяць­дзясят гадоў пасля яе заканчэння.
Той чэрвеньскай суботы чакалі ўсе, хто марыў аб сустрэчы, хто жадаў яе. З 2018 года, калі мы сустракаліся ўпершыню вялікім складам, мы сталі такімі роднымі і блізкімі! Едучы з зямлі берасцейскай, з любай Лунінеччыны, я не пераставала захапляцца краявідамі Міншчыны і Вілейшчыны.


Дамоўленасць аб сустрэчы каля школы а дванаццатай гадзіне дня знайшла падтрымку і ў кіраўніцтва школы. Малайцы выпускнікі! Усе пунк­туальныя! Абдымкі, пацалункі – ну як без іх! Ды і працэдуру «апазнанкі» не абыйшлі! Як-ніяк, паўстагоддзя некаторыя не бачыліся!

А школа сустракала сваіх гасцей пахам фарбы – ішоў інтэнсіўны рамонт. Невялічкая экскурсія па класных пакоях абудзіла памяць аб мінулых школьных імгненнях. Паўстагоддзя! А мы – тыя ж дзеці, жартаўлівыя, гарэзлівыя, няўрымслівыя!
На месцы былой «настаўніцкай» – школьны музей. Падоўгу «завісалі» каля стэнда з фотаздымкамі настаўнікаў-ветэранаў і тых, хто пайшоў у небыццё, згадвалі кур’ёзныя моманты і ўчынкі са школьнага жыцця: самыя «шкоднікі» выкручваліся неяк са «складаных сітуацый». Ці то настаўнікі нашы былі такія добрыя, ці то мудрасці ім хапала і дальнабачнасці, каб не караць строга будучых «талентаў».


Затрымаліся і ў сваім родным класе: хто вучыўся ў 10 «Б» («бэкі»), а хто ў 10 «А» («акі»). За кожным класам тады быў замацаваны свой пакой.

Сустрэча атрымалася незабыўная: пазітыўная, на высокім узроўні, шумная і вясёлая, артыстычная і захапляючая, з гумарам-жартамі, з песнямі і конкурсамі, з прызамі, сувенірамі і падарункамі.

Мы – годныя сваёй Радзімы людзі!
Так. Праляцелі 50 гадоў!
Сустрэчу гэту кожны помніць будзе
І дачакаецца спаткання зноў.

Вялікі гонар маю за сваіх аднакласнікаў і настаўнікаў! Яны – лёгкія на пад’ём! Яны – шчырыя і адкрытыя! Яны – адданыя сваёй Радзіме людзі! З імі цікава, бо мы – з 70-х! І гэтым усё сказана!

Мае пачуцці выліліся вось у гэтыя вершаваныя радкі:

Праз 50 гадоў змаглі сустрэцца
Сябры дзяцінства, школьныя сябры.
Перапаўняла хваляванне сэрца
У цёплы поўдзень чэрвеньскай пары.
Гасцінна дзверы школа адчыніла:
– Прабач, мой выпускнік паўвекавы!
Рамонт я штогадовы ўчыніла,
Таму вось перакулены сталы.
Цябе я рада сёння тут вітаць
У дзень такі: і сонечны, і цёплы.
Што маеш ты старэнькай расказаць,
Не засмуціўшы мае вочы-вокны?
Я ведаю, што многіх з вас няма:
Пайшлі з жыцця трагічна і заўчасна…
Я ўжо не маладзенькая сама,
Дык вось і «падшаманьваюся» часта.
Ну, дык зайдзі ў свой былы ты клас.
Ці пазнаеш пакой? Такі, не меншы.
– Так, прыгажэйшы, нават і святлейшы,
І парты не такія былі ў нас.
А памятаеш, колькі тут было
Кур’ёзаў і гісторый надта смешных?
І як са сцэны мы чыталі вершы?
– Успомніла. І на душы – цяпло.
Зусім інакш тады было ў вас:
З такою весялосцю вы гулялі!
Настаўнікаў маіх як паважалі!
Узгадвала не адзін я раз.
Хадзем, пабачыш школьны наш музей,
І маю права ім я ганарыцца:
Збіралі экспанаты па крупіцах
І фотаздымкі дарагіх людзей,
Тых, хто жыццё аддаў служэнню школе,
Хто быў для вас «Цар-Бог», аўтарытэт…
Мы доўга ўглядаліся паволі
Ў знаёмы і незнаёмы нам партрэт.
Пайшлі ў небыццё, але не згаснуць
У памяці сваіх выпускнікоў.
Мы будзем пільна ўглядацца зноў
У позірк пранікнёны іх і ясны.
– Ты нават звонку бы памаладзела,
Як такі воблік светлы набыла.
Такой сучаснай выглядаеш у цэлым,
І хай шуміць вясковая дзятва.
Хай поўняцца пакоі твае гулам
І калідоры «распінае» смех!
А мы прыедзем зноў к табе агулам,
Як не засыпле нашы крокі снег.

Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries