Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Якія значныя падзеі ў касцёльным жыцці адбыліся напярэдадні юбілейнай даты?

Падзея, якую Вілейка маецца святкаваць у гэтыя дні, духоўна значымая не толькі для носьбітаў каталіцкага веравызнання. Адрэзак часу працягам у стагоддзе, перажыты касцёлам, грунтуецца на пэўным культурным пласце духоўнага жыцця рэгіёну. Рэлігійнасць чалавека, яго погляд, скіраваны да асноў хрысціянскай маралі, сведчаць аб лепшых маральных якасцях асобы. А храм акумулюе ў сябе добратворную аўру, што распаўсюджвае свой уплыў на акаляючае асяроддзе, узвышанае прысутнасцю ў ім Боскага пачатку. Перш, чым перайсці непасрэдна да нашай размовы з ксяндзом-пробашчам Аляксандрам Барылам, дзеканам Вілейскага дэканату, хачу падзяліцца сваімі асабістымі адчуваннямі, перажытымі ў час занядбання і затым высокага ўзлёту Вілейскага касцёла. Мне давялося быць пад яго сутарэннямі, калі адзіная тады ў горадзе гандлёвая супольнасць наладзіла там склад харчовых тавараў. Шэрыя мяхі і скрыні, лесвіцай складзеныя ўздоўж сцен, не маглі дабрацца да касцёльнай вежы і засланіць ад уражлівага вока яго першаствораную чысціню. Уверсе быў блакіт, зваяны з усіх адценяў асветленых сонечнымі промнямі нябёсаў. А ў ім, як анёлы ў купальні Стваральніка, пырхалі белыя галубы. Асацыяцыі незабыўныя і ўражлівыя для чалавечай свядомасці…
Штогод, калі дазваляе час, праводжу ў шлях да Будслаўскага касцёла, дзе ў ліпені ладзіцца храмавае свята, вілейскую пілігрымку. Трэба бачыць, з якім эмацыянальным уздымам адпраўляецца ў дарогу вілейская моладзь, аздобіўшы свае рады адметнымі сімваламі нашай парафіі.
– Як Вы лічыце, ксёндз Аляксандр, наколькі шчырыя ў сваіх памкненнях маладыя? Альбо ў іх паводзінах усё ж ёсць жаданне прэзентаваць менавіта сябе на фоне яркіх з’яў сучаснага рэлігійнага жыцця?
– Самавыяўленне – адметнае для моладзі імкненне. Вы маеце рацыю, у нечай свядомасці яно трансфармуецца ў магчымасць праявіць сябе на фоне значымай для хрысціян падзеі. Калі толькі такая мэта, чалавек спакваля адыходзіць ад яе першапачатковага сэнсу і тады, пэўна, у наступны раз ён ужо не пойдзе з пілігрымкай. А калі хтосьці шукае больш глыбокую інтэнцыю, тады ён абавязкова застанецца з намі.
– Вы не задаваліся мэтай падлічыць, колькі парафіян у нашым вілейскім касцёле?
– Я не ўмею лічыць. У час святой імшы бачу і знаёмыя, і новыя твары. Так павінна быць. Рана ці позна чалавек, які шукае ісціну і сэнс жыцця, прыходзіць да Бога. Я думаю, дзесьці дзве з паловаю тысячы вернікаў-католікаў мае наш касцёл у сваім улонні.
– Вы служыце ў Вілейскім храме ўжо больш дзесяці год. Безумоўна, ведаеце яго мінулае. Тыя трагічныя моманты ў гісторыі, калі ваяўнічы атэізм тагачасных ідэолагаў, падрываючы асновы рэлігійнасці, імкнуўся да знішчэння іх матэрыяльных выяў. З чаго пачынаўся, як развіваўся і падтрымліваў касцёл свой высокі духоўны і фізічны статус?
– Яшчэ з 1897 года вілейскія каталікі пачынаюць прасіць дазвол на ўзвядзенне ў горадзе мураванага касцёла і на вылучэнне са складу Касцяневіцкай парафіі асобнай, рымска-каталіцкай, з цэнтрам у Вілейцы.
Дазвол на будаўніцтва касцёла быў атрыманы 23 лістапада 1906 года. Паспрыяў гэтай падзеі выдадзены ў 1905 годзе імператарам Мікалаем II маніфест аб свабодзе веравызнання. У тым жа 1906 годзе па праекту архітэктара Аўгуста Клейна распачалося ўзвядзенне касцёла пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа і пад гэтым жа тытулам была ўтворана асобная рымска-каталіцкая парафія з цэнтрам у Вілейцы.
Уладальнік Любанскага маёнтка Аляксандр Любанскі, які ўзяў на сябе старанні па атрыманні дазволу на пабудову касцёла, выдзяліў пад забудову сваю зямлю ў цэнтры горада і унёс першыя грашовыя ахвяраванні. Пазней сфінансаваў унутраннае аздабленне касцёла.
У ліпені 1907 г. адбылося асвячэнне вуглавога каменя пад касцёл. Натоўпы людзей, нягледзячы на дождж, з’ехаліся на гэтую ўрачыстасць. Працэсію узначаліў ксёндз Крывіцкі з Касцяневіч. Пры часовым алтары ксёндз дзекан Віктар Белазор цэлебраваў Святую Імшу. Пасля адпаведных малітваў камень быў асвечаны, а ў яго ўкладзена шкляная капсула з пергаментам. Падпісаны ліст ксяндзом Белазорам і членам Камітэту пабудовы касцёла.
– Юбілей храма – гэта тая дата, калі мы павінны ўзгадаць імёны яго стваральнікаў,замовіўшы для іх высокую нябесную ўдзячнасць за такую адметную праяву веры, след якой доўга будзе захоўваць на сабе вілейская зямля..
– Будоўля працягвалася сем гадоў. Вядома, што справай пабудовы касцёла ў 1912 годзе займаўся ксёндз Ян Венцкевіч, (ён жа ўзначальваў Камітэт будоўлі касцёла ў 1909 годзе і, напэўна, кіраваў ім да канчатковага ўзвядзення святыні). У тым жа годзе кіраванне завяршэннем будоўлі ўзяў на сябе інжынер Філіповіч-Дубоўскі. У 1913 годзе храм быў пабудаваны.
Згодна з праектам інжынера Аўгуста Клейна, архітэктура святыні нясе ў сабе рысы неараманскага стылю і неаготыкі.
Пасля афіцыйнага прыняцця будынка касцёла пробашчам быў прызначаны ксёндз Адольф Снежка-Блоцкі. Падобна, ён заставаўся пробашчам да 1939 года. Прыкладна ўвесь гэты ж час ён займаў пасаду дзекана Вілейскага дэканату. У 1927 годзе арцыбіскуп Рамуальд Ялжбыкоўскі прызначыў вікарыем вілейскай парафіі ксяндза Уладзіслава Патоцкага. Ён навучаў рэлігіі ў гімназіі і ліцэі, а таксама ў пачатковай школе, быў капеланам вязніцы.
У перыяд першай сусветнай вайны касцёл значна пацярпеў ад артабстрэлаў, доўга рамантаваўся і толькі ў 1931 годзе арцыбіскупам Віленскай мітраполіі Рамуальдам Ялбжыкоўскім быў урачыста кансэкраваны.
– Некалі год таму здзейснілася даўняя мара нашых парафіян аб узвядзенні побач з храмам парафіяльнага дома. Мне падаецца, што падобная ідэя ўжо нейкім чынам мела месца ў папярэдняй гісторыі касцёла.
– І не толькі мела. Напрыканцы 30-х гадоў ксёндз Патоцкі пачаў пабудову парафіяльнага дома, які да пачатку вайны не паспеў скончыць. Святая Імша ў касцёле цэлебравалася да 1944 года, у другой палове 1944 года ксёндз Патоцкі выехаў у Польшу. Вернікі працягвалі наведваць касцёл, каб памаліцца, але Святая Імша з-за адсутнасці святара не цэлебравалася.
У пасляваенныя гады касцёл быў зачынены і ў 1946 годзе пераўтвораны ў склад гархарчпрамгандлю. Так было аж да сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, калі святыню аб’явілі помнікам архітэктуры. У 1979 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя працы, а ў 1988 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё Дома Мастацтваў. За касцёльнымі дзвярамі стала працаваць канцэртна-выставачная зала.
– З імем ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага вілейскія каталікі звязваюць вяртанне святыні ва ўлонне каталіцкай царквы. Калі ласка, падрабязней пра гэтыя вызначаючыя моманты касцёльнага жыцця, якімі мы ўдзячны вышэйназванаму святару…
Паводле старанняў парафіянаў, начале з пробашчам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім, касцёл быў вернуты католікам і 4 сакавіка 1990 года тут, пасля амаль што 50-гадовага перапынку, цэлебравалася Святая Імша, 6 чэрвеня 1990 года адбылася рэкансэкрацыя касцёла Узвышэння Святога Крыжа, якую здзейсніў Апостальскі Адміністратар Мінскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі ксёндз біскуп Тадэуш Кандрусевіч.
Пад кіраўніцтвам пробашча ксяндза Эдмунда праходзілі працы па прыстасаванню вернутага вернікам касцёла да рэлігійных мэтаў і аднаўленню яго ўнутранай прыгажосці. У касцёл была вернута копія абраза Маці Божай Міласэрнасці (Вострабрамскай), якая заняла сваё месца ў галоўным алтары ў 1993 годзе. Гэты абраз у гады атэізму збярог ксёндз Станіслаў Жук.
У новай біяграфіі храма, акрамя ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, былі яшчэ святары Юры Касабуцкі і Алег Мурзіч. Завяршаючы размову аб галоўных вехах гісторыі касцёла, хачу адзначыць яшчэ адну важную падзею – усталяванне крыжа замест узнесенай на вежу ліры. Асвечаны біскупам Антонам Дзям’янкам крыж, хрысціянскі сімвал, быў узняты на вышыню 50 метраў.
– На пачатку нашай размовы мы вялі гутарку пра масавыя касцёльныя мерапрыемствы, у якіх з вялікай ахвотай удзельнічае моладзь. А пачынаецца ўсё, напэўна, з урокаў рэлігіі. З асэнсавання ролі усюдыіснага Тварца ў формах, разлічаных на дзіцячае ўспрыняцце…
– Катэхізацыя дзяцей – адзін з метадаў далучэння іх да веры. Ёю стараемся агарнуць усе ўзроставыя групы. Катэхізацыя адчыняе шлях да першай споведзі, першай камуніі, іншых таямніц веры.
– Якія значныя падзеі ў касцёльным жыцці адбыліся напярэдадні юбілейнай даты?
– Я назваў бы перэгрынацыі мошчаў Святой Тэрэзы ад дзіцятка Езус і Абраза Маці Божай Будслаўскай. Падзеі гэтыя арганічна ўпляліся ў год Веры, які сёлета абвешчаны каталіцкай царквой.
– І традыцыйна, як прынята, пры святкаванні падзей падобнага кшталту, Вашы віншаванні і пажаданні парафіянам, усім хто мае гонар быць каталіком і жыць па законах хрысціянства.
– Хочацца пажадаць, каб мы, віляйчане, не забываліся пра сваю гісторыю, мінулае і былі ўдзячнымі Богу за святыню, якая знаходзіцца ў нашым горадзе. Каб мы былі ўдзячны людзям, хто будаваў яе, падтрымліваў у самыя жорсткія і трагічныя часы. Жадаю ўсім быць мужнымі абаронцамі нашай веры і нават у выпрабаваннях не пакідаць Бога і касцёл. Увогуле, далейшага духоўнага развіцця Вілейскай парафіі, храму, асвечанаму Святым Крыжам. Няхай благаславіць вас Бог Усемагутны.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries