Па ўсіх пазіцыях удала сёлета склаўся сельскагаспадарчы год для Вілейшчыны. Шчодрасць вілейскай нівы, памножаная на рупнасць чалавечых рук, інтэлект і веды спецыялістаў, далі вынік, якім раён сапраўды можа ганарыцца.
– Што планавалі, таго дасягнулі, не з пустымі засекамі прыйшлі да рэспубліканскіх дажынак? – пытанне намесніку начальніка райсельгасупраўлення Пятру Вяжэвічу.
– На Ваша пытанне магу даць адназначна станоўчы адказ: з пастаўленай задачай справіліся. Збожжа ўжо намалочана 90 тысяч тон. А ў актыве яшчэ тысяч 10 тон кукурузы. Многія гаспадаркі сеялі яе на зерне. Падобны рэкордны намалот мы мелі два гады таму. Тады канстатавалася, што ён першы ў гісторыі раёна. Па крайняй меры, пасля таго, як нас захліснулі перабудовачныя працэсы.
– Прэзідэнцкая праграма адраджэння і развіцця вёскі дае свае станоўчыя вынікі?
– Безумоўна. Ва ўсіх галінах сельскагаспадарчай вытворчасці. Але сёння мы акцэнтуем увагу на раслінаводстве. У ім з’яўляюцца новыя тэндэнцыі, заснаваныя на сучасных тэхналогіях, навуковых пошуках. Літаральна за пару апошніх год намі адпрацаваны і апрабаваны меры па атрыманню высокіх ураджаяў зялёнай масы кукурузы. Сёлета вышэй пяцісот цэнтнераў яе маюць «Нарачанскія зоры», «Сцешыцах», «Вілія-агра». Добрая ўраджайнасць у «Алай зары», сельгаспрадпрыемстве камбікормавага завода, філіяле «Вязынскім». Практычна ўсе гаспадаркі садзяць кукурузу на зерне. І яно выспявае. На 70 працэнтаў выкарыстоўвалі насенне беларускай селекцыі. Астатняе – з-за мяжы, у асноўным – з Германіі. Высокі ўраджай вызначылі менавіта замежныя сарты. Засеяныя імі ўчасткі і далі па 700 цэнтнераў з гектара. Айчынным селекцыянерам у гэтым напрамку ёсць над чым працаваць.
– Самы высокі паказчык ураджайнасці збажыны традыцыйна захоўваюць «Нарачанскія зоры». Сёлета – 50,1 цэнтнера. Але, мяркуючы па намалотах, не жадаюць заставацца на сціплых пазіцыях яшчэ цэлы шэраг гаспадарак раёна…
– Вы маеце рацыю. Для сельскагаспадарчага прадпрыемства камбікормавага завода, ураджайнасць у 42,6 цэнтнера – гэта ўжо не сціплы, а даволі значны паказчык. Звыш сарака цэнтнераў з гектара мае ўнітарнае прадпрыемства «Вілія», да сарака наблізіліся «Сцешыцы». Моцна падцягнуліся сёлета «Язні». Я магу ў адносінах гэтай гаспадаркі гаварыць нават аб бачным скачку. І не толькі ў вытворчасці збажыны. Акцыянернае таварыства паўгода назад узначаліў Сяргей Глінскіх, кіраўнік вопытны, з маштабным мысленнем. І галоўнае, з тым працоўным азартам, які я шчыра пажадаў бы яму захоўваць і ў сваёй далейшай рабоце.
– А якія гаспадаркі сталі вызначальнымі ў дасягненні такога ўражальна высокага для нас агульнага намалоту?
– Тут у лідэрах «Першы Беларускі» (7,4 тысячы тон), «Чурлёны» (7,3 тысячы тон). Не магу абыйсці ўвагай «Стайкі”, дзе валавая вытворчасць збожжа падвоена ў параўнанні з мінулым годам. Акцыянернае таварыства ўзбуйненае. Але я бяру намалот адносна агульнага валу абедзвюх гаспадарак, якія ўвайшлі ў альянс. І зноў хачу зрабіць акцэнт на асобе кіраўніка. Уладзімір Лучанок мае не толькі гучнае, запамінальнае прозвішча. Але, як бачыце, і адпавядае яму, прадэманстраваўшы перавагі той рэарганізацыі, якую перажылі сёлета чатыры гаспадаркі раёна.
– З аднаго боку, цяжэй, напэўна, кіраўніку: большы маштаб гаспадаркі, у людзей – свой, гадамі сфарміраваны, менталітэт…
– Вы маеце на ўвазе псіхалагічны бок справы. Ёсць у гэтым плане праблемы. А што датычыць матэрыяльнага боку, то ствараецца больш магчымасцей для маніпуляцый тэхнікай, людзьмі. Збіліся ў кулак – і пайшлі адзіным фронтам – так мне гэта бачыцца. Так, па сутнасці, і адбываецца. Хоць, безумоўна, як і ў сямейным саюзе, напачатку ідзе прыцірка характараў. Тут Вы сапраўды маеце рацыю.
– Кіраўнік дзяржавы неаднойчы падкрэсліваў неабходнасць аднаўлення традыцыйных для Беларусі галін раслінаводства. У прыватнасці, сказанае датычыць ільну – стратэгічнай культуры, здольнай стварыць імідж краіны на сусветным рынку. Як ідзе работа па аднаўленню гэтай земляробскай традыцыі на Вілейшчыне?
– Працэс сапраўды ідзе. Сёлета мы ў два разы павялічваем вытворчасць ільновалакна і ў тры – насення. Гэта ў параўнанні з мінулым годам. Між іншым, плошчы пад культурай не выраслі. Усё атрымліваецца за кошт інтэнсіўных тэхналогій. Традыцыйна і з высокай эфектыўнасцю займаюцца ільном «Язні», «Сцешыцы». Да іхніх узроўняў падцягваюцца іншыя гаспадаркі. Для культуры важнейшае значэнне мае строгае захаванне тэхналогій. І, як ні круці, спрыяльнае надвор’е. Фарміраванне валакна стымулюе, напрыклад, ранішні туман. І цяпло. Сёлета рана скончылі церабленне, паклалі сцябліны ў стужкі. І ўжо ў жніўні лён, што называецца, «падышоў». Палеткі ўбраны. Траста здаецца на льнокамбінаты першым нумарам.
Безумоўна, да тэхналогій трэба прыплюсаваць і тэхнічнае забеспячэнне. Летась гаспадаркі закупілі новыя прэсы, набылі сёлета восем ільноўборачных камбайнаў.
– Некалі лён быў вельмі працаёмкай культурай. Абмалот вёўся ўручную. Нават палолі яго жаночыя рукі…
– Самы час і да месца ўспомніць нашу вядомую ільнаводку Марыю Іванаўну Касяк. Героя Сацыялістычнай Працы. Светлая ёй памяць. Цяпер ільну рукі чалавечыя практычна не кранаюцца. І яшчэ важна: гэта культура становіцца прыбытковай. Такая акалічнасць, безумоўна, стымулюе зацікаўленасць гаспадарак у яе вырошчванні.
– Дарэчы, пра тэхнічнае забеспячэнне. У арганізацыі работ яно іграе не апошнюю скрыпку?
– Калі карыстацца Вашай тэрміналогіяй, магу сказаць, што вядзе адну з галоўных партый. Сёлета мы набылі многа новай, сучаснай тэхнікі: 11 «Беларусаў 3022»,10 збожжаўборачных камбайнаў, 4 кормаўборачныя агрэгаты, увялі 2 збожжасушыльныя комплексы. Вілейскі раён узначальвае абласную зводку па корманарыхтоўках. У нас больш іншых раёнаў назапашана кормаадзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Значны рост і па валу. У комплексе нашых уражваючых паказчыкаў гэты – найбольш важкі. Віншую сельгасвытворцаў з паспяховым завяршэннем сельскагаспадарчага году, з рэспубліканскімі дажынкамі, у якіх ёсць і наш уклад.
– А я, у сваю чаргу, далучаюся да вашых віншаванняў. Жадаю трымаць узятую вышыню, не збаўляць тэмпаў у працы і не губляць радасці жыцця, захоўваючы аптымізм, уласцівы аратаямі вілейскай нівы.
Марыя КУЗАЎКІНА
Цяжэе зямлі роднай спадчына
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов