Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прафсаюзная падтрымка

Для Леаніда Радзевіча, старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, сёлетняя ўборачная – першая для яго на гэтай пасадзе. Хоць для чалавека з сельскагаспадарчай прафесіяй адказнасць і важнасць гэтай кампаніі, вядома ж, зразумелыя.

– Ход і тэмпы жніва – адказная справа не толькі для хлебаробаў, але і для нас, прафсаюзных работнікаў, – адзначае Леанід Яўгенавіч. – У полі нашага зроку павінны быць і ўмовы працы падчас уборачнай кампаніі, і яе аплата, і тэхніка бяспекі, і спецадзенне, і харчаванне… Так яно і ёсць. І пытанні ўсе, што ўзнікаюць у людзей, вырашаем, і прапановы ды заўвагі ўлічваем. Галоўнае, каб былі яны канструктыўнымі. Урэшце, прафсаюзы і існуюць для таго, каб дапамагаць, разам з уладай вырашаць праблемы, знаходзіць адказы на пытанні.

– Але ж вернемся непасрэдна да сёлетняй уборачнай…

– Па штогадовай традыцыі перад жнівом раённым выканаўчым камітэтам і райкамам прафсаюза было прынята рашэнне «Аб парадку арганізацыі раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў на ўборцы збожжа і збожжавых культур у 2014 годзе і падвядзенне яго вынікаў», галоўнай мэтай якога стала своечасовае і якаснае правядзенне ўборачнай кампаніі. Былі акрэслены канкрэтныя задачы службаў, вызначаны групы, па якіх праводзіцца спаборніцтва, крытэрыі вызначэння пераможцаў і прэміі, якіх будуць удастоены лепшыя камбайнеры, вадзіцелі, кіраўнікі. – І жніво пачалося…

– Пачалося і прайшло пры спрыяльным надвор’і. Гэта ж вельмі важна – убраць сухое зерне. І нашы камбайнеры стараліся спаўна скарыстацца гэтай магчымасцю, працавалі ад цямна да цямна. Бываючы ў гаспадарках, гутарыў з людзьмі і заўсёды цікавіўся ўмовамі працы. У адказ чуў прыкладна гэта: «Усё нармальна. Галоўнае цяпер – без страт і своечасова ўбраць хлеб…» Кожны, ад кіраўніка да механізатара, жыў гэтым і рабіў усё залежачае ад яго дзеля гэтай вялікай справы.

– Працавалі сумленна, нават, не пабаюся гэтага слова, самааддана. І неўзабаве пачалі з’яўляцца камбайнеры-тысячнікі…

– Першыя – у «Нарачанскіх зорах». Вядомыя камбайнавыя экіпажы ішлі ў гэтай гаспадарцы, што называецца, наступаючы адзін аднаму на пяткі. Увогуле ў «Нарачанскіх зорах» уборачная дала шэсць тысячнікаў, у «Першым Беларускім» і «Даўгінаве» – па чатыры, у «Сцешыцах» – тры. А ў цэлым па раёне за сёлетнюю ўборачную кампанію дваццаць чатыры камбайнеры дасягнулі тысячнага рубяжу.

– І былі віншаванні, цёплыя словы, сувеніры…

– Не толькі тысячнікаў, але і ўсіх тых, хто быў заняты на жніве. Перадавікам уручаліся падзячныя пісьмы ад старшыні райвыканкама і сувеніры ад нашага прафсаюза. Асабліва спадабаліся механізатарам нашы майкі і кепачкі з лагатыпам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Ды і іншыя сувенірчыкі – ручнікі, электрабрытвы ці яшчэ што – не лішнія. Урэшце, не ў грашовым выражэнні сутнасць. Яны – сведчанне нашай павагі і ўдзячнасці працавітым хлебаробам.

– Гаворачы пра віншаванні, нельга не сказаць і пра надзвычайна важныя падарункі – музычныя. Яны ўжо даўно сталі неад’емнай часткай уборачнай кампаніі.

– Згодны поўнасцю. Агітбрыгады, у складзе якіх заўсёды былі вілейскія самадзейныя артысты, папрацавалі на славу. Рэгулярнымі былі іх выезды ў гаспадаркі раёна, сустрэчы з механізатарамі на палях і мехдварах. І ўсюды гучалі задушэўныя песні-віншаванні, якія ствараюць добры настрой, натхняюць на плённую працу і новыя дасягненні. Нездарма ж у вядомай песні спяваецца, што песня будаваць і жыць дапамагае… Дык вось і хлеб убіраць – таксама. Актыўны ўдзел самадзейных артыстаў ацэнены, і на раённых дажынках. Падзяку старшыні райвыканкама і грашовую прэмію атрымае загадчык аўтаклуба аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Рудніцкі – за актыўны ўдзел у агітбрыгадах, яркае творчае насычэнне мерапрыемстваў. Прыемна, што нашы агітбрыгады былі гатовы аператыўна выехаць з віншаваннямі ў любы час і ў любую гаспадарку. І заўсёды – з добрым настроем. За гэта, думаю, варта падзякаваць не толькі артыстам, але і ўсім тым, ад каго залежыла ідэалагічнае забеспячэнне жніва. І ўсё ж галоўныя словы падзякі тым, хто шчыраваў ад цямна да цямна, здабываючы самае каштоўнае – хлеб надзённы для людзей. – Дзякую, Леанід Яўгенавіч, за цёплыя словы і – поспехаў Вам у справе падтрымкі і дапамогі сельгаспрацаўнікам.

Гутарыла Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries