Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Напярэдадні дня дарожніка гутарка з дырэктарам ДБУ-13 Аляксандрам СТАЛЫГАМ

У дзелавым рытме і са значнымі поспехамі адзначае сваё прафесійнае свята і калектыў дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 13. І сёння, напярэдадні дня дарожніка мы гутарым з дырэктарам арганізацыі Аляксандрам СТАЛЫГАМ. Рабоце ў дарожнай галіне Аляксандр Анатольевіч прысвяціў практычна ўсё жыццё і з’яўляецца сапраўдным прафесіяналам сваёй справы.

– Добры дзень, Аляксандр Анатольевіч, па-першае, з надыходзячым прафесійным святам. Па-другое, кожны ведае, што для кіраўніка любой арганізацыі прафесійная святочная дата – гэта перыяд падвядзення пэўных вынікаў. Я ведаю, што галоўны Ваш гонар – Вашы дарогі. Раскажыце пра сваю арганізацыю і пра тыя вынікі, з якімі Вы падыходзіце да свайго прафесійнага дня.

– Галоўная задача нашага дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 13 – будаўніцтва і добраўпарадкаванне транспартнай інфраструктуры, у тым ліку аўтастрад, хуткасных магістральных дарог. Мы будуем і рэканструюем дарогі.

Адлік гісторыі нашай арганізацыі пачынаецца ад 25 ліпеня 1948 года, калі была ўтворана машынна-дарожная станцыя № 5 на падставе загаду Галоўнага дарожнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР, гэта было праз тры гады пасля вайны і ў першую чаргу для аднаўлення разбуранай дарожнай сеткі краіны. Потым у 1959 годзе станцыя была перайменавана ў «Дарожна-будаўнічы раён № 13». Можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе сур’ёзныя дарогі на Вілейшчыне ў мінулым, былі пабудаваныя намі. Сваё сучаснае найменне мы атрымалі ў 1981 годзе, калі было ўтворана дарожна-будаўнічае ўпраўленне № 13 (на базе былога «ДСР № 13»). З 2010 года – ДБУ № 13 рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Дарожна-будаўнічы трэст № 5» перайменавана ў «Дарожна-будаўнічае ўпраўленне № 13» адкрытага акцыянернага таварыства «Дарожна-будаўнічы трэст № 5».

Апошнія гады галоўным нашым аб’ектам было будаўніцтва МКАД-2. Агульная працягласць новай чатырохпалоснай кальцавой аўтадарогі першай катэгорыі вакол Мінска складзе каля 159 кіламетраў, яе будаўніцтва праходзіць у два этапы. Першы этап кальцавой 44 кіламетры здалі, рух па ёй быў адкрыты напрыканцы 2015 года, ад Астрашыцкага Гарадка да Ракава. Гэта дарога першай катэгорыі з бетонным пакрыццём. Цяпер ідзе будаўніцтва другога этапа – ад Ракава да М–1, каля 40 кіламетраў. Асноўны этап будаўніцтва завяршыўся – скончаны земляныя і бетонныя работы, заканчваецца асфальтаванне падзяляльнай паласы, абочыны, бо бетонка гэта толькі праезжая частка, таксама заканчваем з’езды, развязкі, зараз растаўляюцца дарожныя знакі, сетка ўздоўж дарогі ад жывёл – новы элемент дарожнага ландшафту. Плануем, што аб’ект будзе здадзены да канца лістапада, хоць задача ставілася да канца снежня.

– Сетка рэспубліканскіх дарог агульнага карыстання ў Беларусі сфарміравана, і будаўніцтва новых магістраляў ужо не патрабуецца. Адна з асноўных задач дарожнай гаспадаркі на бліжэйшыя гады – рэканструкцыя шляхоў, якія злучаюць сталіцу з абласнымі цэнтрамі. У гэтым напрамку зроблена нямала, але многае яшчэ наперадзе.

Нам вядома, што ў 2016 годзе пачалі рэканструкцыю аўтадарогі М–6 Мінск – Гродна. На гэтыя мэты Сусветны банк выдзеліў крэдыт. Ваша арганізацыя таксама працуе там?

– Так. На гэтым аб’екце працуюць усе ўпраўленні трэста. Наперадзе вельмі шмат работы і гэта не можа не радаваць. Наша ДБУ працуе на 74 – 76 кіламетры аўтатрасы, насупраць Валожына. Аўтамабільную дарогу пашырым, абсталюем светлавымі інфармацыйнымі табло, якія будуць інфармаваць вадзіцеляў аб сітуацыі на дарозе. Таксама ў мэтах бяспекі на ўчастках, якія праходзяць уздоўж лясных масіваў, плануецца ўсталяваць сеткавую агароджу ад жывёл. Гэта ўжо не бетонная дарога, а асфальтная. Дарэчы Сусветны банк рэканструкцыі і развіцця выдзеліў сродкі і ўсе работы падзяляюцца на пяць кантрактаў (тое, што раней называлі этапы). Зараз працуем на другім кантракце. У перспек-тыўных планах – адгалінаванне на Вільнюс. Так што работай мы будзем забяспечны на бліжэйшыя гады і, самае галоўнае, без выдаткаў на пражыванне, бо гэта ў нашым рэгіёне. Наш аб’ект недзе ў межах 70 кіламетраў.

– Дзякуючы добрасумленнай, якаснай працы ўсяго Вашага калектыву вілейскае ДБУ-13 стала сучасным мабільным дарожна-будаўнічым прадпрыемствам, якое запатрабавана ў межах краіны. Зразумела, што ў Вас выдатны тандэм кіраўніцтва і эфектыўнай і якаснай працы людзей.

– Сапраўды так. Мы ганарымся кожным, хто працуе ў нас. Бо кожны з іх – гэта сапраўдны прафесіянал сваёй працы. Мы адрозніваемся сярод дарожных арганізацый тым, што працуем на стратэгічных аб’ектах. Наш гонар – сфарміраваная ў апошнія гады брыгада па асфальтаўкладцы. У гэтым годзе мы асфальтавалі ўчастак дарогі паміж Маладзечна і Красным. Па роўнасці гэта дарога падыходзіць пад першую катэгорыю, што пацвярджаюць усе выпрабаванні. Гэта стала магчымым дзякуючы сфарміраванаму калектыву. Хачу адзначыць прараба Аляксандра Рароўскага і вопытных машыністаў, што вярнуліся з Расіі, дзе працавалі на новых відах тэхнікі і з лёгкасцю працуюць на іх і ў нас – Анатоль Кавалёў, Леанід Седзяка. Гэтая ж брыгада актыўна працуе і на ўкладцы асфальта-бетона на другой кальцавой. Ёй давяраюць самыя адказныя ўчасткі.

– Вялікі дзякуй, Аляксандр Анатольевіч. Мы сардэчна віншуем усіх работнікаў, а таксама ветэранаў з Днём аўтамабіліста і дарожніка, шчыра жадаем моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, новых працоўных дасягненняў на карысць роднай краіны!
Гутарыў Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадастаўлены ДБУ № 13

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 43 queries