Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гонар маем пакланяцца Сцягу

Праект Закону Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» падрыхтаваны Міністэрствам юстыцыі сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў.
Падобны закон будзе распрацаваны ў нашай краіне ўпершыню. Якія адпаведныя нормы ён будзе ўтрымліваць, на якой юрыдычнай базе грунтавацца? – аб гэтым наша гутарка з членам Савета Рэспублікі беларускага парламента – Ірынай ПАРАХНЕВІЧ.

? Чым абумоўлена неабходнасць наяўнасці такога закону ў прававой базе нашай дзяржавы? Для Вас, Ірына Міхайлаўна, адказ на гэта пытанне, безумоўна, відавочны. Але цікава яго будзе пачуць нашым чытачам.
– Падрыхтоўка праекта закону абумоўлена неабходнасцю абагульнення шэрагу палажэнняў дзеючых заканадаўчых актаў з улікам практыкі іх прымянення для забеспячэння комплекснасці прававога рэгулявання ў сферы стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў.
?На якіх заканадаўчых нормах, ужо існуючых у дзяржаве, грунтуецца праект Закону «Аб геральдычных сімвалах»? Альбо падобных прэцэдэнтаў наогул не існуе.
– У праекце закону грунтуецца на заканадаўчых нормах, змешчаных у трох указах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Першым зацверджана Палажэнне аб нагрудных знаках, другім – парадак заснавання нагрудных знакаў дзяржаўных арганізацый, рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў і саюзаў. Трэці датычыць стварэння Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і мер па ўдасканаленні парадку заснавання і дзяржаўнай рэгістрацыі ордэнаў, медалёў і афіцыйных геральдычных сімвалаў.
? Геральдыка – рэч цікавая. Я маю на ўвазе гістарычны аспект. Нездарма ёй столькі ўвагі надаюць навукоўцы пры вывучэнні мінулага нашай краіны. Для іх яны – цені часу, па якіх можна аднавіць рэальнае яго аблічча.
– Тут Вы маеце рацыю. Геральдыка стварае своеасаблівы апазнавальны імідж краіны і тых дзяржаўных органаў, грамадскіх фарміраванняў, да якіх яны адносяцца. У праекце закона да афіцыйных геральдычных сімвалаў у Рэспубліцы Беларусь аднесены гербы, флагі адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак, эмблемы і нагрудныя знакі спецыяльных фондаў Прэзідэнта,флагі, сцягі, эмблемы, штандарты, нагрудныя і апазнавальныя знакі дзяржаўных органаў, іх структурных падраздзяленняў… Не буду рабіць поўны пералік суадносін сімволікі з яе носьбітамі. Зацікаўленых хачу адаслаць да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2002 года № 441, дзе ўсе гэтыя віды афіцыйных геральдычных сімвалаў пералічаны.
? Ці прадугледжвае праект закону заснаванне сцягаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак?
– Не, зыходзячы з практыкі прымянення толькі што названага мной акта, адсутнасці прэцэдэнтаў па заснаванні сцягаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак і, адпаведна, адсутнасці звестак аб такіх афіцыйных геральдычных сімвалах у Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь, праектам закону не прадугледжваецца магчымасць заснавання сцягаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак.
Хачу яшчэ дадаць, што праект закону прадугледжвае аднак магчымасць заснавання,па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,афіцыйных геральдычных сімвалаў для асобных службаў некалькіх арганізацый. У парадку, які прадугледжаны праектам закону ў адносінах да афіцыйных геральдычных сімвалаў дзяржаўных органаў.
? Форменнае адзенне работнікаў дзяржаўных органаў, ваеннаслужачых, наколькі я разумею, таксама від афіцыйнага геральдычнага сімвала. Якім чынам ён рэгламентуецца ў праекце закону?
– Гэты від уключае такія тэрміны, як «ваенная форма адзення», «форма адзення» і распаўсюджваецца таксама на ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войск і вайсковых фарміраванняў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі, работнікаў рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў. Тэрміны «ваенная форма адзення» і «форма адзення» рэгламентуюцца адпаведнымі, раней прынятымі, указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Уключэнне ў праект закону такіх тэрмінаў, як «ваеннаслужачыя» і «супрацоўнікі» стасуецца таксама з адпаведнымі палажэннямі законаў Рэспублікі Беларусь аб воінскім абавязку і воінскай службе, органах дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў.
? Што тычыцца тэрміналогіі… Грамадзяне будуць мець магчымасць прачытаць у законе азначэнне спецыяльных тэрмінаў, якія ў ім прымяняюцца?
– Безумоўна. У рамках праекта закону з улікам існуючай практыкі прымянення спецыяльных тэрмінаў, распрацаваны тэрміналагічны слоўнік, які ўключае азначэнні ўсіх відаў афіцыйных геральдычных сімвалаў. У ім прыве-дзены таксама азначэнні такіх тэрмінаў, як «геральдычныя правілы», «Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь», «выява афіцыйных геральдычных сімвалаў», «апісанне афіцыйных геральдычных сімвалаў, «рэгіструючы орган». Гэтыя азначэнні на заканадаўчым узроўні вызначаюцца ўпершыню. Яны ўпарадкоўваюць выкарыстанне асобных словазлучэнняў і патрэбы для адназначнага разумення нарматыўных прадпісанняў заканадаўства аб афіцыйных геральдычных сімвалах.
У праекце закону выкладзены асаблівасці парадку праходжання працэдур стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў з улікам спецыфікі кожнага іх віда.
?І апошняе пытанне. У плане ўдасканальвання заканадаўства, якую ролю адыграе прыняцце новага закону?
– Прыняцце Закону Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» накіравана на правядзенне ў далейшым адзінай дзяржаўнай палітыкі ў вобласці стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў.
Інтэрв’ю падрыхтавала  Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries