Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Да вынікаў жніва

Напэўна, яшчэ ранавата падводзіць вынік сельскагаспадарчага года. У полі – кукуруза, бульба, гародніна. Толькі над наваколлем вітае духмяны водар дажынак. Дзіўна, мабыць, але нават скошаны збожжавы палетак пахне хлебам. Напэўна, таму, што ў хлебным караваі сышліся дзве галоўныя, узаемадапаўняючыя адна адну, існасці свету – матэрыяльная і духоўная. Таму жыве ў душы селяніна спаконвечная павага да хлеба, якую ён, як самую каштоўную спадчыну, перадае сваім нашчадкам.
Хоць і кажуць, што ў прыроды няма дрэннага надвор’я, год на год не прыходзіцца. То буйным замаразкам ляжа прыродны экстрым на аголеную азіміну, то вымачыць, то высушыць пасевы. І толькі вялікае напружанне фізічных і духоўных сіл працаўніка зямлі дапамагае збажыне выстаяць. І выйсці на вынікі, якія памнажаюць важкасць хлебнага караваю Радзімы.
Якія яны сёлета? Аб гэтым гутарка галоўнага агранома райсельгасхарчу Леаніда КудзелІ з нашым карэспандэнтам.

– Надыйшоў час, Леанід Часлававіч, падвесці папярэднія вынікі жніва.
– Не буду пярэчыць. Сапраўды, Вілейшчына рыхтуецца да дажынак. Удзельнікаў урачыстасці прымае «Першы Беларускі». Прадпрыемства не вельмі вызначылася ўраджайнасцю. Але агульны намалот – 6669 тон (за кошт памераў збожжавага кліну) – адзін з самых высокіх у раёне. Калі гаварыць аб ураджайнасці збожжавых культур, то тут безумоўны лідар – «Нарачанскія зоры»: 50 цэнтнераў з гектара.
– Наколькі я дасведчана, вынікі падводзіліся па паказчыку выхаду збожжа з бала-гектара.
– Так, ён самы аб’ектыўны. Дык вось у адзначаным мной акцыянерным таварыстве гэтая лічба таксама самая высокая сярод сельгасарганізацый раёна. У «Нарачанскіх зорах» выхад збожжа з бала-гектара склаў 158,8 кілаграма. На другім месцы па гэтаму паказчыку – адкрытае акцыянернае таварыства «Сцешыцы» (140,7 кілаграма), на трэцім – філіял «Усходні» (126,4 кілаграма).
– Дзве першыя гаспадаркі ў нас, як правіла, пастаянна адкрываюць спіс лідараў. Апошнім часам да іх часцяком далучаецца філіял «Усходні». Асабліва, калі гаворка ідзе пра галіну раслінаводства.
– Пэўна, гэта не толькі мая думка: у філіяле – граматны аграном-практык. Мікалай Засінец мае вялікі вопыт у пытаннях агратэхнікі, новых тэхналогій.
– Добра, калі веды і практыка накладаюцца на фінансавыя магчымасці сельгасарганізацый.
– З гэтым я згодны. Там, дзе пад зададзеную ўраджайнасць уносіцца ўвесь неабходны комплекс угнаенняў, асабліва хачу зрабіць акцэнт на мінеральных, там і вынікі відавочныя. Усё астатняе: захаванне тэрмінаў сяўбы, уборкі, арганізацыя працы – з гэтым у нас ужо ўмеюць спраўляцца. Што паказалі і сельгаскампаніі бягучага года – пасяўная, корманарыхтоўкі, жніво.
– Валавы намалот збажыны на сёння, па звестках райсельгасхарчу, складае 82615 тон, амаль на 20 тысяч вышэй леташняга. Але ж, памятаю, некалі Вілейшчына мела і больш высокія паказчыкі.
– У 2012 годзе было 96372 тоны ў бункернай вазе. Напэўна, склалася найбольш удалае спалучэнне прыроднага і чалавечага фактараў. Затое летась назіраўся рэзкі спад – 67504 тоны. Прычына для апеляцыі да прыродных фактараў? Хоць, на мой погляд, яны павінны быць апошнімі з ліку тых, што ўплываюць на ўраджайнасць. Галоўнае ж – у рацыянальным, з улікам наяўнай урадлівасці глебы, падборы ўгнаенняў. У захаванні аптымальных тэрмінаў сяўбы. У чотка наладжанай сістэме аховы раслін. А для гэтага спецыялістам-аграномам трэба мець не толькі практычныя, але і тэарэтычныя, у суладнасці з сучаснымі земляробчымі тэхналогіямі, веды.
– І ў заканчэнне размовы…
– У заканчэнне хачу павіншаваць маіх калег-аграномаў, усіх хлебаробаў Вілейшчыны з раённымі дажынкамі. Няхай не зводзіцца хлеб у полі і на вашым стале. А да хлеба – і ўсё тое, што патрэбна чалавеку ў гэтым жыцці.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries