Прыступіць да масавай уборкі збожжавых шкодзяць дажджы. Недзе давялося прачытаць, што ў ліпені яны ўжо істотна не стымулююць рост ураджайнасці. Таму і не цешаць душу хлебароба. Асабліва, калі надыходзіць час жніва. Але капрызы надвор’я не бяруцца пад увагу, калі гаворка вядзецца пра нюансы важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі года. Менавіта такая канцэптуальная, без скідак на свавольствы нябёсаў, размова адбылася на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да ўборкі ўраджаю і севу азімых культур праінфармаваў прысутных першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Ігар Шавялёў.
– Ігар Вітальевіч, у Вашым дакладзе некалькі разоў, праўда, з рознымі адценнямі, прагучала слова «самае». Калі ласка, расшыфруйце яго ў кантэксце…
– Я меў на ўвазе, што ў «Новай Віліі», «Даўгінаве» і «Першым Беларускім» чакаецца самая высокая нагрузка на камбайн. Сітуацыя апраўдана, паколькі менавіта ў гэтых сельгаспрадпрыемствах значныя плошчы заняты збожжавымі і збожжабабовымі культурамі. Напружанасць будзе, бо ўборку плануецца правесці за 22 дні. У «Даўгінаве» на камбайн прыпадзе 335 гектараў збажыны, пры сярэднераённай нагрузцы 241 гектар.
– Вялі Вы гаворку і пра самыя слабыя збожжасушыльныя гаспадаркі ў некаторых сельгасарганізацыях...
– Я выдзеліў «Алую зару», філіял «Юнік-Агра» і прадпрыемства «Стайкі». Пры інтэнсіўным жніве давядзецца падключаць да апрацоўкі іх намалоту збожжасушыльныя комплексы іншых гаспадарак. Усяго ў раёне будуць задзейнічаны на сушцы і дапрацоўцы збожжа 41 ЗСК. На 33 з іх выкарыстоўваюцца мясцовыя віды паліва – гэта значыць, дровы. Хачу зазначыць, што на вілейскім аграпрамэнерга створаны дзве брыгады па рамонту электраабсталявання збожжатакоў, маецца ўчастак па рамонту электрарухавікоў.
– Праблема для некаторых сельгаспрадпрыемстваў – уборка саломы. У ходзе абмеркавання выдзялялася акцыянернае таварыства «Новая Любанія», дзе «саламянае» пытанне вырашалася аж да сёлетняй вясны.
– Каб так не здарылася, камбайны абсталёўваем здрабняльнікамі. Буйныя запасы саломы практычна ніводнай гаспадарцы не патрэбны. Між тым здробненыя пажніўныя рэшткі, з заворваннем іх у глебу, павышаюць яе ўрадлівасць.
Колькасць саломы, якую можна выкарыстоўваць у якасці ўгнаення, залежыць ад яе выхаду, расходаў на корм, падсцілку для жывёлы і іншых патрэб. Гэта абмяркоўвалася на пасяджэнні райвыканкама з мэтай выпрацоўкі агульных падыходаў да праблемы ў іх індывідуальным ракурсе. Адно хачу сказаць, што вопыт прагрэсіўны, еўрапейскі. Вартасць саломы, як угнаення, – у высокім утрыманні ў ёй арганічнага рэчыва. А з эканамічных і арганізацыйных пунктаў погляду найбольш рацыянальным нам уяўляецца выкарыстанне яе ў якасці прамога ўгнаення, што скарачае працоўныя і матэрыяльныя выдаткі, звязаныя з ачысткай ад яе палёў.
– Гучыць пераканаўча. Будзем спадзявацца, што гэтай інфармацыяй валодаюць і ў сельгаспрадпрыемствах. А скажыце, калі ласка, Ігар Вітальевіч, у чым Вам бачацца асаблівасці сёлетняга жніва?
– Хутчэй за ўсё ў супадзенні тэрмінаў уборкі азімага рапсу і яравога ячменю. На гэтым у ходзе пасяджэння акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама Віктар Іосіфавіч Кот. Таму патрабуецца максімальна выкарыстоўваць магчымасці светавога дня, загадзя планава размеркаваць нагрузку на тэхніку. Старшыня выканкама паставіў задачу: кожнае сельгаспрадпрыемства павінна мець у кормаўборачным атрадзе тры тэхналагічныя фарміраванні. Адно – па ўборцы рапса, два астатнія – збожжавых культур, з улікам камбайнаў са здрабняльнікамі саломы. І на кожнае – па адзінцы пажарнага прыкрыцця.
– У жніве будуць задзейнічаны 122 камбайны. Наколькі гарантавана іх забяспечанасць механізатарскімі кадрамі? Ці, скажам так, якімі арганізацыйнымі мерапрыемствамі яна падмацавана?
– У час уборкі ў раёне будуць працаваць 502 механізатары. Гэта ў цэлым, не толькі на ўборачных агрэгатах.
Недахоп людзей кампенсаваны іншымі раённымі арганізацыямі. З іх, а таксама каледжаў і ВНУ прыцягнуты да жніва каля сямідзесяці чалавек. Неабходныя перамяшчэнні механізатараў здзейснены ў саміх гаспадарках.
– Вы не бачыце праблемы ў забеспячэнні кампаніі палівам?
– Раёну для правядзення жніва, у райсельгасхарчы гэта падлічылі, патрэбна 1300 тон дызельнага паліва, 160 – бензіну, 60 – дызельнага масла.
На іх набыццё будуць выдаткаваны ўласныя сродкі сельгасарганізацый і банкаўскія крэдыты.
– На якія вынікі жніва арыентаваны сельгасарганізацыі раёна, як сувымяраюцца яны з мінулагоднімі паказчыкамі?
– Мяркуем атрымаць 88595 тон збожжавых і збожжабабовых культур у бункернай вазе з улікам кукурузы. Вага пасля дапрацоўкі павінна скласці 82,7 тысячы тон, што на 6,8 тысячы тон вышэй мінулагодняга. Нашы прагнозы забяспечаны адпаведнымі тэхналогіямі. Але ад нечаканасцей ніхто не застрахаваны. Мы – у зоне рызыкоўнага земляробства.
– Першыя крокі жніва… Пацвярджаюць яны Вашы надзеі?
– Масавая ўборка збожжавых яшчэ не распачалася. Таму вывады рабіць рана. Адназначна можна спадзявацца на лідарства «Нарачанскіх зораў». Згодна апошняй інфармацыі, ураджайнасць тут на ўзроўні 54,1 цэнтнера. Пакуль гаворка ідзе пра яравы ячмень. У раёне ўжо намалочана 2174 тоны збажыны пры сярэдняй ураджайнасці 36,3 цэнтнера. У амбарнай вазе яна запланавана на ўзроўні 28,4 цэнтнера. Як можам пераканацца, адхіленняў у прагнозе пакуль няма.
У завяршэнне нашай размовы хачу павіншаваць хлебаробаў Вілейшчыны з пачаткам жніва. Няхай усім нам спрыяе надвор’е, няхай благаслаўляюць нябёсы нялёгкую працу рупліўцаў вілейскай нівы!
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара



