Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Абмеркавана на пасяджэнні райвыканкама

«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…» Вершаваны твор Янкі Купалы, пакладзены затым на музыку, стаў яркім набыткам творчай скарбонкі «Песняроў». І любімай песняй беларусаў, своеасаблівым гімнам роднай зямлі, яе адухоўленаму багаццю, у якім нібы раствараецца яго матэрыяльны эквівалент.
Менавіта пра захаванне гэтага багацця ішла размова на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. На парадку дня стаяла пытанне аб ходзе выканання ў раёне закона Рэспублікі Беларусь адносна аховы нашай гісторыка- культурнай спадчыны. З інфармацыяй выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей ПаЎлоЎскІ. Сёння ён – суразмоўца карэспандэнта «ШП».

– Якім чынам, Сяргей Фёдаравіч, мясцовыя выканаўчыя органы могуць удзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей? Як рэгламентуе гэты ўдзел заканадаўства?
– Мясцовыя выканаўчыя ўлады распрацоўваюць рэгіянальныя праграмы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і забяспечваюць іх выкананне. Гэта, бадай, галоўная іх функцыя, вызначаная заканадаўствам. На ёй грунтуюцца астатнія. Такія, як арганізацыя і садзейнічанне правядзенню мерапрыемстваў па выяўленню матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяў дзейнасці чалавека. Тых, што могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць. Наданне ім такога статусу – таксама прэрагатыва мясцовай улады. Яна ж павінна садзейнічаць грамадскім аб’яднанням у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей, займацца іх папулярызацыяй.
– Што ўяўляе сабой Дзяржаўны спіс аб’ектаў вышэйакрэсленай каштоўнасці? Вядома, што яны дыферэнцыраваны па катэгорыях. Якія існуюць крытэрыі падобнай дыферэнцыяцыі? Яна, безумоўна, уплывае і на нашы адносіны да занатаванай у Дзяржаўным спісе спадчыны, канцэнтруе намаганні ўлады і грамадства па яе захаванню…
– Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой пералік аб’ектаў архітэктуры, гісторыі, археалогіі, мастацтва, паркавых комплексаў, музейных калекцый і кніг, якія знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай. Зараз гэты спіс налічвае 5382 асабліва каштоўныя аб’екты гісторыі і культуры Беларусі. Гісторыка-культурныя каштоўнасці Беларусі падзяляюцца на 4 катэгорыі.
Пад лічбай «0» значацца уключаныя або прапанаваныя да ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны. Тры з іх, а менавіта Замкавы комплекс «Мір», архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі роду Радзівілаў у Нясвіжы і геадэзічная Дуга Струве ўжо ўвайшлі у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а ў 2009 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва быў уключаны абрад «Калядныя цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна.
– Нядаўна карэспандэнт раёнкі расказала на старонках газеты пра цікавы абрад «Пячы ката». Ён выяўлены ў раёне Старынак, Мацькаўцаў, Альковіч музейнымі работнікамі. У прыватнасці, дырэктарам Вілейскага краязнаўчага музея Сяргеем Ганчаром. Цікавы абрад і, акрамя Вілейшчыны, здаецца, нідзе не занатаваўся. Ён можа быць уключаны ў названы Вамі спіс?
– Вілейскі музей, сказаўшы «а», хоча прамовіць і «б»… Зараз ён праводзіць работу па наданню адпаведнага статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці дзяржаўнага значэння гэтай каляднай абрадавай вечарыне. Дарэчы, раней яна была распаўсюджана амаль на ўсёй тэрыторыі Вілейскага рэгіёна, не толькі ў ваколіцах Старынак. І праводзілася моладдзю ў вёсках на першы дзень Каляд.
– Але.. вернемся да катэгорый.
– Катэгорыя пад лічбай «1» – гэта ўнікальныя мастацкія, эстэтычныя і дакументальныя аб’екты міжнароднага значэння.
Катэгорыя пад лічбай «2» – аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння. У яе ўваходзяць 5 аб’ектаў Вілейскага раёна: касцёл Узвышэння Святога Крыжа, 1913 года пабудовы (горад Вілейка); царква ў імя 40 пакутнікаў Севасційскіх, 1756 года пабудовы (вёска Кастыкі); касцёл езуітаў з брамай і агароджай, 1763 года пабудовы (вёска Касцяневічы); Свята-Мікалаеўская царква, 1771 года пабудовы, (вёска Латыгаль); касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, 1902 года пабудовы (вёска Альковічы).
Лічбай «3» пазначаны гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіянальнага значэння, якія маюць значнасць для асобных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Такіх помнікаў на тэрыторыі Вілейскага раёна – 21.
Такім чынам, у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны ўнесена 26 аб’ектаў Вілейскага раёна: 7 –помнікі архітэктуры, 4 – помнікі гісторыі, 14 –археалогіі, 1 – помнік прыроды. А ўвогуле, у Вілейскім раёне на ўліку знаходзяцца 314 аб’ектаў гісторыі і культуры. Сярод іх – помнікі прыроды, культавай архітэктуры, сядзібы і паркі, помнікі грамадзянскай архітэктуры, гісторыі, археалогіі, магілы-помнікі ў гонар загінуўшых. На ўсе аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны складзены ўліковыя карткі і пашпарты.
– Рашэннем райвыканкама зацверджаны рэгіянальныя мерапрыемствы па ахове і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Яны ахопліваюць перыяд с 2011 па 2015 гады. На якіх найбольш значных напрамках гэтай работы мясцовай уладай зроблены асаблівы акцэнт?
– Адным з прыарытэтных накірункаў вышэйузгаданых мерапрыемстваў з’яўляецца капітальны рамонт помніка на брацкай магіле воінаў і партызан, загінуўшых пры вазваленні Вілейкі ў 1944 годзе на могілках па вуліцы 1 Мая. Думаецца, што гэта работа будзе актывізавана ў рамках падрыхтоўкі да 70-годдзя вызвалення Беларусі.
Не менш важнай для Вілейскага раёна з’яўляецца і тое, што ў 2014 годзе мы будзем адзначаць 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны. Для Вілейшчыны дата знакавая, бо мы пакуль адзін раён Беларусі, які мае ўладкаваныя мемарыяльныя месцы, звязаныя з падзеямі Першай сусветнай. Асабліва адметным у гэтым плане з’яўляецца Нарачанскі сельскі Савет і мемарыяльны комплекс у вёсцы Заброддзе з Барысаглебскай капліцай, пабудаванай Барысам Цітовічам у стылі драўлянага беларускага дойлідства, з аформленай экспазіцыяй па тэме Першай сусветнай вайны.
Прыярытэтнай у гэтым накірунку для віляйчан стала і падрыхтоўка да ўзвядзення капліцы-помніка ўсім загінуўшым пры вызваленні нашага горада ў 1915 годзе. Гэта месца грамадзянскіх могілак па вуліцы 1 Мая.
Такім чынам, дзве даты – 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны і 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стануць прыярытэтнымі для нас на бліжэйшы час, у тым ліку і ў навядзенні парадку і доглядзе за магіламі і помнікамі дзвюх войн.
– Хачу зноў вярнуцца да нашых публікацый. Год таму мы расказалі ў газеце пра помнік архітэктуры «Рэшткі былой сядзібы «Двор Стайкі», патэнцыяльны аб’ект аграэкатурызму. Якім чынам на сённяшні дзень акрэслена перспектыва яго развіцця ў гэтым напрамку?
– Былы панскі маёнтак роду Багдановічаў быў перададзены пад інвестыцыйны праект замежнаму таварыству з абмежаванай адказнасцю «ТракЦэнтр Азярцо». Мэтай набыцця дадзенага аб’екта ў прыватную ўласнасць інвестарам з’яўляецца аднаўленне гістарычнага аблічча сядзібы з наступным выкарыстаннем яе для правядзення ўрачыстасцей, культурных, у тым ліку этнаграфічных мерапрыемстваў, канцэртаў і проста прыцягненне турыстаў. На сённяшні момант вядуцца работы па аднаўленні будынка панскай вінакурні.
– Трывожныя ноткі ў Вашым дакладзе на пасяджэнні райвыканкама прагучалі адносна захаванасці некаторых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Вярніцеся, калі ласка, да гэтай праблемы.
– З усімі ўладальнікамі аб’ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцей Вілейскага раёна падпісаны ахоўныя абавязацельствы, якія зацверджаны і зарэгістраваны ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Трэба адзначыць, што, падпісаўшы ахоўнае абавязацельства, уласнік абавязваецца выконваць адзначаныя ў дадзеным ахоўным абавязацельстве ўмовы ўтрымання і выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама патрабаванні па забеспячэнню іх захавання.
Але не ўсе ўладальнікі гісторыка-культурных каштоўнасцей адказна ставяцца да ўскладзеных на іх абавязкаў. У прыватнасці, на ўсіх аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны павінны быць устаноўлены ахоўныя знакі. У гэтым кірунку супрацоўнікам па ахове помнікаў ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей» вядзецца пастаянны магіторынг сітуацыі. Выяўлена, што на 8 аб’ектах ахоўныя знакі не ўстаноўлены, у асноўным – гэта помнікі археалогіі. Яны знаходзяцца на тэрыторыі Вілейскага вопытнага лясгаса, на 5 з іх ахоўныя дошкі адсутнічаюць.
Асаблівай увагі заслугоўвае пытанне пра стан помніка архітэктуры ў вёсцы Кастыкі – царквы ў імя святых 40 Пакутнікаў Севасційскіх, узвядзенне якой датуецца 1756 годам. Драўляныя сцены збудавання абшыты сайдынгам, пад якім псуецца бярвенне. Яго трэба прыбраць, каб захаваць гэты помнік драўлянага дойлідства. Інакш унікальная гісторыка-культурная каштоўнасць можа быць страчана. Уладальнікам з’яўляецца Прыход храма 40 Пакутнікаў Севасційскіх, які не ў сілах самастойна вырашаць дадзенае пытанне.
Маюцца парушэнні ў дачыненні ўтрымання помніка культавай архітэктуры – касцёла езуітаў у Касцяневічах. Брацкая магіла 1941-1944 г., размешчаная на могілках па вуліцы 1 Мая, патрабуе абавязковага капітальнага рамонту. Уладальнікам гэтага аб’екта з’яўляецца Вілейская ЖКГ, якая,згодна з рэгіянальнай праграмай і планам мерапрыемстваў па захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей, павінна ажыццявіць капітальны рамонт брацкай магілы, запланаваны да 2014 года.
– Раённы спіс помнікаў – гэта статычнае паняцце, ці ён, як і ўсё на свеце, падлягае дынаміцы развіцця?
– Безумоўна, спіс папаўняецца. Пастаянна вядзецца работа па выяўленню і захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сёлета ў яго ўнесены будынак былога абласнога кінатэатра ў Вілейцы, 1940 года пабудовы, помнік прыроды «Елка ніцая дэкаратыўная» ў Сакавічах, памятны знак «У гонар загінуўшых у вайне 1812 года», устаноўлены летась ля дарогі Вілейка-Маладзечна.
Я ўжо гаварыў, што плануецца ўзвесці браму-капліцу ў гонар загінуўшых пры вызваленні горада ў 1915 годзе, а таксама ўсталяваць мемарыяльныя дошкі знакамітым землякам: краязнаўцу Анатолю Рогачу, паэту і аўтару песні «Па дзікіх стэпах Забайкалля» Івану Кандрацьеву. Мемарыяльная дошка памяці вядомага паэта Вілейшчыны Івана Лашуткі ўстаноўлена ў двары дома, дзе ён жыў, падчас урачыстасцей з нагоды дня вызвалення Вілейкі ад фашысцкіх захопнікаў.
– І традыцыйна, Ваша рэзюме.
– У гісторыка-культурнай спадчыны, акрамя матэрыяльнага, – глыбокі духоўны сэнс. Яе захаванасць, адпаведны статусу стан – ацэнка нашай вартасці як нашчадкаў. І яшчэ – гэта клопат не толькі ўлады, а ўсяго грамадства, кожнага чалавека. Бо карані ўсіх нас, народжаных на гэтай зямлі, сілкуе памяць. Вечная.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 128 queries