У Магілёве група падлеткаў ва ўзросце ад 13 да 15 год падчас святочнага салюту 9 мая паказвала на яго фоне непрыстойныя жэсты. Дзеля нейкага хайпу гэта здымалі на тэлефон, а потым размясцілі відэа ў TikTok…
Грамадскасць у сацыяльных сетках адрэагавала абурэннем. А праваахоўнікі – таксама маланкава, але згодна закону. Асобы падлеткаў былі ўстаноўлены, цяпер за зневажальны хуліганскі ўчынак трэба адказваць. Непаўналетнія пастаўлены на прафілактычны ўлік, тыя з іх, каму ўжо споўнілася 14 год, – прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за хуліганства. Бацькі падлеткаў таксама не пазбеглі адказнасці – ім прыйдзецца заплаціць штраф за невыкананне сваіх абавязкаў па выхаванні і суправаджэнні непаўналетніх ва ўзросце да 16 год пасля 23.00.
Не толькі пакараннем паказальная гэта сітуацыя – з падлеткамі правялі гутарку, арганізавалі для іх выхаваўчую экскурсію і прагляд фільма «Ідзі і глядзі». Каб «адрамантаваць» надзвычай важны мосцік памяці паміж пакаленнямі пераможцаў і іх нашчадкамі. Хочацца спадзявацца, што героі відэа ўжо зрабілі для сябе правільныя высновы і жыццёвы ўрок імі будзе засвоены.
Таццяна ШАРШНЁВА


