Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мы – гаспадары. Са знакам «плюс» або «мінус»?

Напярэдадні раённага суботніка гаворым пра на­дзённае – парадак на зямлі. Згадзіцеся, працаваць талакою – спрадвечная беларуская традыцыя. Таму што разам – і справа хутчэй ладзіцца, і эфектыўнасць большая, і, у рэшце рэшт, так весялей. А аб’яднанне людзей адной мэтай умацоўвае ўзаемадзеянне паміж калегамі. Бо нефармальныя стасункі для калектыву маюць не меншае значэнне, чым прафесійныя.

Але перш за ўсё суботнік – гэта пра гаспадарлівасць, уважлівыя адносіны да сваёй вуліцы, горада, краіны, і – прыклад нашым дзецям, таму што яны вырастуць і паводзіць сябе будуць так, як мы. І ўжо час пакажа, чаму навучылі. А яшчэ вялікі плюс суботніка ў тым, што парадак, наве­дзены ўласнымі рукамі, псаваць не захочацца, праўда?

Хочаш змяніць свет – пачні з сябе. Усе ве­даюць гэта выказванне, а паво­дзяць сябе па-рознаму. Мяне, думаю, як і многіх чытачоў, абраджаюць такія людзі, якія, ідучы па вуліцы або чакаючы транспарт на прыпынку, плююць сабе і іншым пад ногі. Старанна і гучна. Як і тыя, хто дазваляюць сабе кінуць смецце, дзе прыйдзецца. Пра пабітыя дзеля забавы або па нейкай іншай «светлай» задумцы шкляныя бутэлькі і казаць няма чаго – безкультурна і небяспечна для іншых грамадзян. Ды і дамашнія пітомцы не фіялкі пасля сябе на праменадзе пакідаюць. А мы тут тлумачым пра сартыроўку смецця і агульную культуру паво­дзін…

Ну, а ёсць і такія, хто з камерай тэлефона заўзята «палюе» за раскіданым ветрам смеццем – маўляў, вось як не стараюцца супрацоўнікі адказнай службы. «Спецыяльныя» людзі для навядзення парадку, канечне ж, ёсць, але іх не столькі, каб хадзіць за кожным нявыхаваным грамадзянінам з пакетам для смецця. Чыста не там, дзе прыбіраюць, памятаеце?

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 180 queries