Такое ўражанне пакінуў Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Чаму малады? Таму што заснаваны ў жніўні 2012-га года. Чаму тэхналагічны? Таму што яго экспазіцыі насычаны інтэрактыўнымі прыстасаваннямі, гатовымі пры адным дотыку расказаць пра тое, з чаго пачыналася беларуская дзяржаўнасць, якім было яе станаўленне і з якіх дасягненняў складаецца імідж нашай краіны. Чаму пра наведванне музея хочацца расказаць менавіта цяпер? 15 сакавіка споўніцца 30 год з моманту выдання першай беларускай Канстытуцыі – і менавіта першае яе выданне захоўваецца ў названым музеі. Усяго ж агульны збор музея – гэта 4 тысячы адзінак, з якіх у пастаяннай экспазіцыі прадстаўлены 800.

Канстытуцыя – не проста дакумент, а Асноўны Закон краіны, які замацоўвае правы чалавека і гарантыі іх рэалізацыі, узаемныя абавязкі чалавека і дзяржавы, парадак фарміравання і функцыянавання органаў улады, рэгулюе прававую, палітычную і эканамічную сістэмы дзяржавы.

15 сакавіка 1994 года Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь была прынята першая ў гісторыі суверэннай Беларусі Канстытуцыя, у 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме Канстытуцыя была выкладзена ў новай рэдакцыі. Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2021 года ў Асноўны Закон уносіліся змены, якія датычылі правядзення выбараў дэпутатаў у адзін дзень. А 27 лютага 2022 года адбыўся чарговы рэферэндум па пытанні ўнясення змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь: адбылася карэктыроўка прэамбулы і 85 артыкулаў, з’явіліся 11 новых артыкулаў, выключаны 2 артыкулы, дадаткова ў Асноўным Законе з’явілася новая глава пра Усебеларускі народны сход. Сёння Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – гэта 9 раздзелаў, 9 глаў і 156 артыкулаў.

Пра ўсё гэта расказвалася падчас экскурсіі ў музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Сама ж першая Канстытуцыя займае ў яго экспазіцыі ганаровае месца і з’яўляецца гістарычным вопытам станаўлення беларускай дзяржаўнасці, засноўваецца на суверэнным праве беларускага народа самастойна вызначаць свой лёс.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара








