Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзеці – свае, а адказнасць?

Пытанне сур’ёзнае і патрабуе пільнай увагі, таму што на сёння назіраецца такая тэндэнцыя. Некаторыя бацькі сваю ролю бачаць у тым, каб пусціць дзіця на свет, а выхаваннем і забеспячэннем яго патрэб, лічаць, хай займаецца дзяржава. Такая пазіцыя выклікае мноства сацыя­льных праблем для грамадс­тва і наступстваў – для дзіцяці.

Адказнасць бацькоў і дзяржавы трэба раздзяляць – такое меркаванне прагучала ад старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына падчас пасяджэння па пытаннях дзяржаўнай абароны дзяцей у сем’ях, якія трапілі ў поле зроку суб’ектаў прафілактыкі па аб’ектыўных прычынах. Гаворка пра сем’і, у якіх «надвор’е ў доме» сапсавалася па віне бацькоў, а адказнасць у негатыўных сітуацыях на сябе бярэ дзяржава. Правільна? Канечне, не.

Сёння на Міншчыне пражывае амаль 286 тысяч непаўнагадовых, дзеці больш чым з 2 тысяч сем’яў прызнаныя знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным стане. Бывае, што некаторыя сем’і не першы раз атрымліваюць «сацыяльна небяспечны» статус. Іх, як адзначыў Аляксандр Турчын, неабходна разглядаць як пад мікраскопам. Разлад у сям’і не бывае «маўклівым», і на ўсе трывожныя званочкі трэба рэагаваць адпаведна. Калі ж ідзе гаворка пра вяртанне дзіцяці ў сям’ю, трэба быць упэўненым, што бацькі сапраўды хочуць гэтага, готовы стварыць неабходныя ўмовы, і што дзіця, а не заганныя звычкі, будуць у бацькоў у прыярытэце.

Падчас пасяджэння ўвагу прысутных засяродзілі на паказчыку вяртання расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на забеспячэнні дзяржавы – ён зменшыўся. Пра што гэта гаворыць? Пра тое, што гора­бацькі, акрамя таго, што не займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей, не збіраюцца ніякім чынам удзельнічаць у іх жыцці.

Асаблівая ўвага патрабуецца і шматдзетным – такія сем’і таксама трапляюць у статус небяспечных, калі бацькі не спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Супрацьпажарныя ўмовы, санітарныя, стан ацяплення – рэчы не другасныя, бо гэта не толькі пра быт, але і пра бяспеку. «Ключавая задача  – пазбегнуць трагедый і забяспечыць дзецям нармальныя ўмовы жыцця», – адзначыў Аляксандр Турчын.

Алкаголь – адна з прычын сацыяльна небяспечнага становішча, злоўжыванне ім робіць сям’ю няшчаснай. Такі лад жыцця бацькоў забірае ў дзяцей будучыню, таму ім неабходна падтрымка, і яны яе атрымліваюць ад дзяржавы. Бацькам, хворым на алкагалізм, таксама імкнуцца дапамагчы, лечаць, але верагоднасць таго, што за старое яны зноў не возьмуцца, як паказвае жыццё, невысокая. Трагічная статыстыка ведае неадзінкавыя выпадкі, калі па віне нецвярозых баць­коў у пажары гінулі дзеці…
Забраць нельга пакінуць – дзе паставіць знак прыпынку, калі дзеці знаходзяцца ў небяспецы?

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 139 queries