Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Недзе заблудзілася зіма…

Плюсавая тэмпература, дождж, туман і ні кроплі снегу – такім выдаўся сёлета зімовы месяц са «сцюдзёнай» назвай. Ды і яго папярэднік таксама атрымаўся зусім няправільным  – зусім не снежным. «І добра, – кажуць адны, – навошта тыя гурбы ды маразы». «Зіма павінна быць зімой, – упэўнены другія. – Снег, марозік – самае тое, а то сумна без іх». Згаджаюся і з аднымі, і з другімі. Напэўна, у нейкай меры і прасцей без завеі, сумётаў ды халадоў… Але ж ці гэта зіма!

Прыгадваю зімы свайго далёкага дзяцінства, і ў памяці ажываюць такія дарагія сэрцу сюжэты! Вось мы, школьнікі, снежным ранкам чародкай ідзём да шашы на аўтобус, каб дабрацца ў школу. Дакладней, не проста ідзём, а стараемся патрапляць у след таго, хто спераду. Кіламетр да шашы ў такім рэжыме – яшчэ тая ранішняя зарадка!

А снежныя гурбы ледзь не да стрэх хат! Як цікава было малечы насіцца па шэрані на такой вышыні. Здаралася, іншы раз нага правальвалася ў снежны палон і там заставаўся нечы бот – дапамагалі дастаць яго ўсе, не давалі сябру замерзці… А гульні-забаўлянкі на горцы, адкуль з вецярком несліся на лыжах ды санках… А хрумсткі лядзяш, які здаваўся найсмачнейшым ласункам… А да прамёрзлай дзвярной клямкі – ды языком, хто не спрабаваў? Такіх цікавых зімовых момантаў, упэўнена, у памяці кожнага нямала. З далёкага дзяцінства сюжэты, а не забываюцца…

Сёлетняй зімой нашым дзеткам і ўнукам сумнавата – ні табе на лыжах пабегаць, ні бабу снежную зляпіць, ні нават у снежкі пагуляць. Можа, гэта толькі пакуль, і зіма знойдзе да нас сваю дарогу? Хто ведае. Пакуль жа толькі застаецца разважаць пра глабальнае пацяпленне, маўляў, снег можа хутка стаць экзотыкай, ды актыўна запасацца насеннем. Пры такім надвор’і хутка і сеяць. Дарэчы, нехта з найбольш спрытных ужо нават і пасеяў… бульбу – такое відэа ў цік-току абмяркоўваюць многія. Што ж, як казаў мудрэц, усё цячэ, усё змяняецца…

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries