Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Не зусім зразумелая субкультура – квадробіка

Дзіўная, нейкая не зусім зразумелая субкультура ўзнікла ў моладзевым асяроддзі – квадробіка. Дзеці і падлеткі ў масках братоў нашых меншых імітуюць павадкі гэтых жывёл: бегаюць, гаўкаюць ды мяўкаюць, часам нават накідваюцца на людзей, тым самым палохаючы іх. У інтэрнэце можна прачытаць нямала самых розных гісторый пра «забаўкі» квадробераў. І гульні гэтыя часам зусім не бяскрыўдныя… На шчасце, на Вілейшчыне квадробіка яшчэ не распаўсюджаная з’ява (хоць на днях, кажуць, бачылі ў горадзе чалавека ў «кацінай» масцы), але ж, як вядома, дрэнны прыклад распаўсюджваецца хутка.

Што дэманструюць юныя, апынаючыся ў шкуры жывёліны? Тое, што любяць тых самых коцікаў і сабачак? Альбо тое, што ў іншым жыцці былі імі? Хто ведае. Думаю, яны і самі не адкажуць на гэта пытанне. Нешта сваё тлумачаць на гэты конт псіхолагі. А што думаюць пра квадробераў дарослыя людзі? Нядаўна я стала сведкай абмеркавання такіх «гульняў» і пачула розныя меркаванні.

– Вядома ж, розум дзіцячы, вось і «бесяцца», – лічуць адны. – Чарговае захапленне, нічога страшнага, перарастуць і гэта.

– Няма чым заняцца дома, да працы не прывучылі бацькі, таму і шукаюць прыгоды, – катэгарычна заяўляюць другія. – Ім бы дубца добрага, гэтым «звяркам»…

– А каб мой унук паспрабаваў апынуцца ў шкуры якога там коціка ці сабачкі, дык мы ведалі б, як яго лячыць, – выказаў сваю думку немалады мужчына. – Кармілі б касцямі ды «Віскасам», а то і мышку прапанавалі б злавіць. Хутка, думаю, скінуў бы тую маску…

А што, магчыма, і слушна разважае чалавек – калі ўжо наважыўся быць жывёлай, то пажыві яе жыццём.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 135 queries