Яркае, цёплае, звонкае і такое вясёлае лета пачалося. Як чакалі яго нашы дзеці! Адкладзены ўбок партфелі, цяпер у юных на парадку дня – сонца, вада, адпачынак. Вось такое яно, лета, і дзетвара акунаецца ў яго з галавою, забываючыся пра тое, што ў гэтую прыгожую пару года можа падсцерагаць і нямала непрыемнага, а часам небяспечнага і нават трагічнага.
Кажуць, статыстыка – рэч сухая, без эмацыйных фарбаў і адценняў. А вось чытаеш іншы раз статыстычныя звесткі, і душа баліць ад гора, якое перажываюць людзі. І ад невыказнай горычы за юныя жыцці, якія абарваліся так недарэчна і зусім рана з-за няўважлівасці, абыякавасці, раўнадушша. Не, не іх, малечы і падлеткаў (дзеці яны і ёсць дзеці), а нас, дарослых.
15 мая ў Ваўкавыскім раёне з вакна шматкватэрнага дома выпаў шасцігадовы хлопчык і моцна траўмаваўся. У гэты ж дзень здарылася трагедыя ў Уздзенскім раёне: пенсіянер выязджаў на машыне з двара, не заўважыў сваю двухгадовую ўнучку і наехаў на яе. Дзяўчынка памерла. 28 мая ў Мінску з вакна кватэры на адзінаццатым паверсе выпала і загінула паўтарагадовая дзяўчынка. 30 мая ў штучным вадаёме ў Клімавічах загінуў 16-гадовы хлопец – кампанія адпачывала і плавала на імправізаваным плыце, і ў нейкі момант здарылася непапраўнае…
Гэты трагічны пералік можна працягваць далей. Ды не хочацца, бо бяда, хоць і чужая, не можа пакінуць раўнадушным. Страшна, крыўдна, балюча, калі абрываецца юнае жыццё. І заўсёды думаецца: а магло б усё быць добра, каб не самаўпэўненасць юных і не раўнадушша дарослых. Здараецца, хапае адной хвіліны, калі дарослы выпусціў дзіця з поля зроку, каб здарылася непапраўнае. І тады ўжо немагчыма нешта паправіць, вярнуць назад.
Дзеці – найбольшае багацце кожнага чалавека, яго радасць, вера, шчасце, жыццёвы сэнс. Давайце берагчы гэта багацце. Не прамінайце лішні раз расказаць, папрасіць, папярэдзіць, разумна пракантраляваць, быць побач з дзіцем. Нават калі знаходзіцеся на адлегласці.
Ірына БУДЗЬКО