Прафілактычная акцыя «Старасць не для насілля», напэўна, нездарма праходзіць у верасні – восенню года звяртаецца асаблівая ўвага на праблему насілля ў адносінах да людзей ва ўзросце жыццёвай восені.
Дакладнай статыстыкі, колькі пажылых людзей існуюць (жыццём такія сітуацыі назваць цяжка) у атмасферы насілля, няма. Далёка не ўсе маці і бацькі, што пакутуюць ад дзяцей, іншых родных, прызнаюцца ў гэтым. Адны маўчаць, бо саромеюцца, другія – бо шкадуюць «блізкіх», якія іх ну зусім не шкадуюць. А праблема ёсць, і замоўчваць яе нельга.
У сродках масавай інфармацыі нярэдка з’яўляецца інфармацыя аб сямейных трагедыях: недзе пажылы бацька з беспрацоўным сынам разам выпівалі, затым нешта не падзялілі, пабіліся, і маладзейшы, не разлічыўшы сілы, забіў старога; дзесьці лайдак-выпівоха адбіраў у старэнькай маці пенсію, і гэта таксама закончылася трагедыяй… Пра падобнае, напэўна, чуў кожны з нас, і сэрца перапаўнялася болем за тых пацярпелых, хто нарадзіў, выгадаваў дзяцей, спадзеючыся на іх дапамогу і клопат у старасці. І вось так «паклапаціліся»…
Калісьці даўно, калі я была яшчэ школьніцай, у нашай вёсцы жыла бабуля. Запомнілася мне тым, што заўсёды, нават зусім старэнькай, вельмі многа працавала па гаспадарцы. Ад дачок (не родных ёй, але выгадаваных ёю з маленства) чула толькі папрокі, абразу ды праклёны. У адказ маўчала. А пасля бабуля занемагла, злягла, і яе патрэбна было даглядаць. Давялося неяк бачыць і чуць, як гэта рабілі дочкі, якія яе і на нагах абражалі ды крыўдзілі. Бывалі выпадкі, калі мы з матуляй хадзілі праведваць хворую, кармілі яе, пераварочвалі з боку на бок. У вачах бабулі чытаўся такі боль! А вось скаргі на «клапатлівых» дачок ніхто не чуў…
Штогод, калі праходзіць акцыя «Старасць не для насілля» чамусьці прыгадваю гэта, такое даўняе, але, на вялікі жаль, актуальнае і сёння. Колькі такіх пакрыўджаных, пазбаўленых сродкаў і голасу, а часам і пабітых бабуляў і дзядуляў ёсць сярод нас! Дакладнай лічбы ніхто не ведае, але яны ёсць. Нямногія з іх адважваюцца звярнуцца за дапамогай па вышэйназваных прычынах. І тут, напэўна, сваё слова павінен сказаць кожны, хто ведае пра сітуацыю. Сказаць крыўдзіцелям, сур’ёзна іх папярэдзіць. Калі ж трэба, то і звярнуцца за дапамогай у адпаведныя органы. Галоўнае, не быць раўнадушнымі. Інакш можа быць позна.
Ірына БУДЗЬКО




