Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жыла ў двары Карамелька…

– Хочацца расказаць пра чалавечую жорсткасць, – гаварыла незнаёмая жанчына на другім канцы провада. – Можа, напішыце пра гэта. А раптам хоць да некага дойдзе?
І пачала расказваць гэту гісторыю. У двары шматпавярхоўкі, дзе жыве наша чытачка, аднекуль з’явілася невялічкае шчанятка. Худзенькае, кудлаценькае, запалоханае, яно спачатку ўздрыгвала і ўцякала ад кожнага слова,ужо не кажучы пра дотык да яго. Той-сёй з жанчын, шкадуючы жывую істоту, пачаў яе падкармліваць. Прайшоў пэўны час, і маленькі «дзічок» ператварыўся ў ласкавую гладзенькую сучачку, якая падзячліва віхляла хвосцікам і «цалавала» рукі тым, хто яе карміў. А любілі яе многія. Праўда, да пэўнага часу.
– Адносіны да Карамелькі, так мы яе называем, рэзка памяняліся, як усе ўбачылі, што яна моцна пакруглела і вось-вось прывядзе шчанюкоў, – працягвала жанчына. – Пачалі адганяць яе ад пад’езда, той-сёй нават біў бедалагу…
Аднойчы, працягвала жанчына, яна ўбачыла ля сваіх дзвярэй на лесвічнай пляцоўцы нейкі пакет. Зірнула ўнутр – а там чатыры жывыя камячкі: два чорныя і два карамелькавыя. Жанчына зразумела, што гэта «падарунак» ад Карамелькі. Толькі як ён трапіў пад яе дзверы? Відаць, той, хто прынёс шчанятак, ведае, што яна не выкіне жывых істотак, будзе іх выходжваць. Так яно і ёсць, даглядае…
Жанчыны пад’езда пачалі праводзіць сваё расследванне і ўжо даволі хутка дакладна ведалі, як шчаняткі трапілі ў пад’езд. Аказалася, раніцой адзін з мужчын панёс выкідваць смецце. Ля скрыні ўбачыў сярод усялякай непатрэбшчыны той самы «жывы» пакуначак. Пашкадаваў, прынёс у пад’езд і… паставіў пад дзверы жанчыне, якая любіць жывёл. Так скажам, выратаваў. Праўда, чужымі рукамі. А вось высветліць, хто выкінуў жывых шчанятак у сметніцу так і не ўдалося.
Такая вось гісторыя, у якой перамяшалася ўсё: і жорсткасць, і любоў да жывога. Вось толькі, падумалася, ці не паболее неўзабаве на вуліцах яшчэ на чатыры нікому не патрэбныя, «бясхозныя» істоты? Пытанне рытарычнае.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries