Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З заработкаў

Выхадным дабіралася са сталіцы маршруткай. Спякота, духата, поўны камплект у салоне. Адно выратаванне – кандыцыянер, які ўключаўся ў аўтобусе раз-пораз. І гэта асвяжала. Людзі дыхалі на поўныя грудзі, нібыта стараючыся запасціся гэтай халаднаватай свежасцю на паследуючыя гарачыя мінуты.
На сядзенні за намі – нейкія два мужчыны. Па размове зразумела (а сведкай іх гучных дыялогаў прыйшлося быць хочаш не хочаш), што працуюць яны будаўнікамі. Да нас, суседзяў гаварлівых мужчын, даносіўся і зыходзячы ад іх пах спіртнога. Міжволі падумалася: у такую спякоту…
– Дык заўтра з раніцы сустракаемся зноў, – даносіўся бас аднаго з мужчын. – Трэба кроў з носу брацца за заліўку. Удваіх з табой наўрад ці паспеем. Каб аднаго-двух падсобнікаў далі.
– Не, удваіх гэта не работа, – пагадзіўся другі, мяркуючы па голасе, маладзейшы. – Спякота. Ды і ты заўтра ці зможаш…
– Што? – бас загучаў мацней. – На што намякаеш? Ну, выпіў сёння, расслабіўся. Я і табе прапаноўваю, ды ты ж жонкі баішся…
– Нічога я не баюся! – павысіў голас і маладзейшы. – Я люблю сваю жонку і сына, тыдзень не бачыўся з імі. Яны мяне чакаюць, сустракаюць на вакзале. Дык што, прыехаць да іх п’яным, як свіння?!
– Гэта ты пра мяне? – бас загучаў ужо з пагрозай. – Ніхто мяне так не называў і табе не дазволю. Шчасце тваё, што ў аўтобусе, людзі вакол. Вось прыедзем у Вілейку…
– Думаеш, напалохаў? – у голасе маладога чулася толькі ўпэўненасць і ні кроплі страху. – Прыедзем. І выйдзем. А піць з табой не буду.
Было хвіліннае маўчанне. А затым зноў пачуўся бас. Ужо на тон цішэйшы і лагаднейшы:
– Не падымецца рука, бо ведаю цябе даўно, працуем плячо ў плячо. Хлопец – крэмень. А сям’я… Ёсць і ў мяне і жонка, і дачка-школьніца. Ганарыстая яна, жонка. Выпраўляйся, маўляў, дык будзем жыць разам. Нібыта пабяцаў. Не стрымаўся, пасядзелі добра з хлопцамі, а яна – на развод. І усё, ніхто мяне не чакае. Карацей, гуляю я, сябра…
Сусед не адказаў яму нічога.
– А яна, жонка твая, прыгожая? – невядома для чаго пацікавіўся, выходзячы на плошчы, «басіст».
– Самая прыгожая, – не задумваючыся, адказаў яму маладзейшы, што ехаў да вакзала.
– Тады ты малайчына, – сказаў старэйшы. – Сем’янін. Цаню гэта. Трымай «пяць» – і едзь, жонка з дзіцем чакаюць. Дык да заўтра.
Калі ён выходзіў, міжволі кінула на яго позірк. Высокі мужчына сярэдніх гадоў з сумкай за плячыма і бутэлькай піва ў руках. А ў вачах – незадаволенасць жыццём і, падалося, нейкае шкадаванне. Сябе? Сям’ю? Хто яго ведае.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries