Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ёсць для каго жыць

Калі здараецца бываць у касцяневіцкай бальніцы, не прамінаю зазірнуць да сваёй былой аднакласніцы Ірыны Сляпцовай, якая тут працуе. Праца няпростая, патрабуе вялікіх душэўных сіл, бо кантынгент насельнікаў бальніцы – нямоглыя людзі, найчасцей адзінокія, абяздоленыя. Многія з іх паступаюць ва ўстанову без асаблівага жадання, а пасля доўгіх угавораў прадстаўнікоў мясцовай улады, сацыяльнай службы. Не разумеюць напачатку нямоглыя людзі, што ім жадаюць лепшага… Пасля ж, пажыўшы на дзяржаўным забеспячэнні, адаграюцца (у прамым і ў пераносным сэнсах) целам і душой, прывыкаюць да ўстановы, дзе ім цёпла, дзе яны дагледжаныя і накормленыя. І становіцца бальнічны персанал гэтым старэнькім самымі блізкімі людзьмі…
Мая знаёмая працуе ў бальніцы даўно. І ўзростам, і стараннай працай заслужвае, каб называлі яе паважліва Ірынай Чаславаўнай. А для мяне яна ўсё тая ж Ірэнка, як мы называлі яе ў школе – сціплая, спакойная, разважлівая. Нялёгкім аказаўся яе жаночы лёс, столькі выпрабаванняў выпала на долю, ды не скардзіцца яна на іх, а годна ідзе па жыцці.
Сям’я Сляпцовых у Касцяневічах была адной з самых працавітых. Ірына і Пятро без страху браліся за, здавалася б, непасільнае: мелі ладны кавалак зямлі і старанна працавалі на ім; трымалі па дзве кароўкі, неаднаразова выходзілі ў раённыя лідары па здачы малака дзяржаве; многа працавалі над добраўпарадкаваннем сядзібы, і яна заўсёды цешыла і цешыць вока прахожага акуратнасцю і прыгажосцю. У сям’і падрасталі дзве цудоўныя дачушкі, уцеха мамы і таты. Дзяўчынкі старанна вучыліся, дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Сям’я жыла і жыве па Боскіх законах, адсюль добра праторана сцяжынка, якая вядзе ў касцёл…
Так склалася ў жыцці, што Ірыне і Пятру, бацькам ужо немаленькіх дачок, прыйшлося зноў, што называецца, успомніць маладосць, гадаваць пляменнікаў Пятра, зусім яшчэ маленечкіх дзетак. А затым у сям’ю прыйшло непапраўнае – раптоўна памёр Пётр, чалавек у самым росквіце…
Нядаўна выпала быць у касцяневіцкай бальніцы. Сустрэлася і з аднакласніцай. Пачала з банальнага: «Як жывеш?» І тут жа асеклася. Як можа жыць жанчына на вёсцы, без пары застаўшыся ўдавою… У адказ пачула ціхае:
– Жыву. Сумаваць няма калі, у мяне ж дачушка ў другім класе…
Высветлілася, што маленькую пляменніцу мужа Ірына Чаславаўна ўдачарыла. Дзве дарослыя дачкі, трэцяя – яшчэ малеча – ёсць для каго жыць маці, ёсць сэнс жыцця.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries