Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Як мінімум, трэба паважаць…

На роздум навёў тэлефонны званок віляйчаніна Віталя Галубіцкага. Мужчына расказаў выпадак, які яго вымусіў звярнуцца ў рэдакцыю. У адзін з дзён яго жонка з самай раніцы паехала з гарадской кватэры палоць агарод, які сям’я мае ў Воўкаўшчыне. Напрацаваўшыся, жанчына сабралася дамоў, калі стала моцна прыпякаць сонца. Прыйшла на прыпынак гарадскога, села ў «чацвёрку» і паехала. Каля «Зеніта», дзе аўтобус чацвёртага маршрута паварочвае налева, ён павярнуў направа, пайшоў па маршруце «адзінкі», таму жанчына захвалявалася, пачала прасіць вадзіцеля спыніцца. Толькі паразумення не атрымалася – жанчына-пенсіянерка выйшла з аўтобуса толькі на прыпынку ля калгаснага рынка і пайшла дадому пешшу…
Магчыма, каб на тым прыпынку кандуктар нагадала, што далей аўтобус пойдзе не па “сваім” маршруце, пытання б не было.
Віталь Петровіч сказаў і прозвішча вадзіцеля, аднак яго я не называю, бо ўся гэта гісторыя апісана мною толькі па словах аднаго боку. Магчыма, штосьці апушчана, штосьці – не зусім дакладна.
Разумею, што ў вадзіцеля, вядома ж, будзе свая праўда. Магчыма, слушная, у нечым нават апраўдваючая нервознасць, незгаворлівасць чалавека за рулём. Так, работа няпростая, ёсць, як кажуць, многа розных нюансаў. Але, з другога боку, у каго яна лёгкая і простая, калі робіш сваю справу так, як трэба? Кожны з нас, хто працуе з людзьмі, павінен заўсёды і нягледзячы ні на якія абставіны быць вытрыманым, разумеючым, спагадлівым. І заўсёды памятаць залатое правіла: адносіцца да людзей так, як хацелася б, каб іншыя адносіліся да цябе. Урэшце, не з канфліктным п’яніцам была сутычка, не з агрэсіўным юнцом (з такімі, магчыма, якраз і не паказваў бы хто сваю прынцыповасць), а з жанчынай. Сапраўдныя мужчыны іх павінны, як мінімум, паважаць…
А можа, з прафесійнага пункту погляду той вадзіцель паступіў правільна? Паразважаем.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries