Я з тых людзей, хто ў кожным чалавеку, нават не самым лепшым, стараецца знайсці добрае, апраўдаць яго часам непрыгожыя ўчынкі і спадзяецца, што той зменіцца. Ва ўсялякім разе, гэтага так хочацца! Праўда, жыццё не раз пацвярджала, што змен тых чакаць дарэмна… І ўсё роўна, хочацца бачыць у людзях толькі светлае і чыстае…
Мудрасць, што жыццё пражыць – не поле перайсці, вядома кожнаму. Таму само сабой зразумела, што будзе на гэтым адрэзку паміж мінулым і будучым рознае: набыткі і страты, светлае і цёмнае, камічнае і трагічнае. Гэта калі па вялікім рахунку. А ўжо розных дробязных праблемак (менавіта так хочацца іх назваць) не злічыш. Яны – справа жыцейская, вырашаемая, таму ці варта траціць на іх здароўе. Намнога важней навучыцца правільна да іх, гэтых праблемак, ставіцца, а яшчэ – не абрушваць іх на іншых, забіраючы ў людзей час і, што яшчэ горш, псуючы ім нервы.
– Мая знаёмая некалькі гадоў была за мяжой, – расказала па тэлефоне чытачка нашай газеты Вера Сяргееўна. – Нядаўна прыехала. Цяпер дзе б ні ступіла і куды б ні пайшла, пачынае з аднаго: «Шок!» Гэта значыць, пабыла «ў свеце», паглядзела… Перасварылася з суседзямі, «качае правы» ў домакіраўніцтве. Усе кругом вінаваты, што ў яе кватэры працякаюць трубы, што ёй трэба аплочваць вучобу дачкі, вяртаць крэдыт… Перастала нават вітацца з людзьмі, нікога перад сабой не бачыць!
Вось гэта і ёсць яскравы прыклад таго, як чалавек не ўмее правільна вырашаць свае праблемы, перакладаючы іх на іншых. І чалавек да таго ж, мяркуючы па расказе Веры Сяргееўны, не зусім выхаваны і не вельмі адукаваны. Што параіць суседзям такой «персоны»? Напэўна, трымацца ад яе на нейкай дыстанцыі, інакш – «дастане» сваімі «шокамі»…
Нядаўна ў рэдакцыю звярнуўся па тэлефоне інвалід Вялікай Айчыннай вайны з раёна. У яго – свая праблема-крыўда: многія аднавяскоўцы глядзяць коса на іх, ветэранаў, з-за таго, што… павялічваюцца цэны на некаторыя прадукты. Якая, спытаеце, тут узаемасувязь? Я таксама задала ветэрану гэта пытанне. Ён растлумачыў так:
– Зойдзеш у магазін, а тут знойдуцца такія, хто папракне: вам, маўляў, пенсіі павялічылі, вось таму і прадукты даражэюць…
Разумею, як нялёгка чуць такое людзям, за плячыма якіх – ваеннае ліхалецце, аднаўленне разбуранай гаспадаркі, шматгадовая сумленная праца. Крыўдна. Так і карціць сказаць такое… Але і ўступаць у палеміку з рознага роду «незадаволенымі», думаю, не варта. Адно не пашкодзіць – параіць ім болей чытаць, слухаць і глядзець, тады і атрымаюць адказы на ўсе свае пытанні. Чэснае слова, гэта намнога карысней і цікавей, чым абвінавачваць кагосьці ва ўсіх сваіх праблемах. А магчыма, і сумленне загаворыць….
Ірына БУДЗЬКО
Я, ты, ён, яна…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов



