Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вы памятайце званне сваё!

Апошні зімовы месяц багаты на святы сапраўдных мужчын. Не будзем гаварыць пра Дні бармэна, рэстаратара, стаматолага, камп’ютаршчыка – выдатных прадстаўнікоў гэтых прафесій нямала і сярод жанчын. Няхай прабачыць і святы Валянцін, свята якога адзначаем таксама ў лютым. Спынемся на тых, якія лічым мужчынскімі.

Зусім нядаўна ўрачыста адзначылі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – людзей, на долю якіх выпала вайна на чужой зямлі. Па-рознаму ўспрымаецца яна сёння людзьмі, розныя характарыстыкі даюць ёй непасрэдныя ўдзельнікі тых страшных падзей. Як бы там ні было, а іх, маладзенькіх салдатаў, кінутых з мірнага жыцця ў віхуру вайны, ніхто не мае маральнага права ў нечым асуджаць. Яны да канца, па-геройску выканалі свой воінскі абавязак і гэтым заслужылі павагу і пашану.
Яны вельмі цесна пераплецены, гэтыя два лютаўскія дні: памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Не магу назваць іх святамі – не кожнаму яны нагадваюць пра светлае, радаснае, вясёлае, з чым звычайна асацыіруецца свята. Гэта дні сапраўдных мужчын, на долю якіх выпала і выпадае нямала выпрабаванняў. Ёсць, вядома, выключэнні, але, думаю, пераважная колькасць жанчын прытрымліваецца такой жа думкі. Што ні кажы, а сапраўдны мужчына заўсёды бярэ на свае плечы цяжэйшую ношу. Ён заўсёды абаронца – і Айчыны, і блізкіх людзей. Так наканавана таму, хто названы моцнай паловай чалавецтва.
На днях стала выпадковай сведкай размовы дзвюх маладзіц, якія выбіралі ў магазіне падарункі сваім мужчынам.
– На тваім месцы я і не ламала б галаву, – гаварыла адна жанчына другой. – Твой жа ў інстытуце праседзеў, у арміі не служыў… Іншая справа мой – два гады ў ботах…
– Ну не скажы! – у голасе другой пачулася крыўда. – Мой хоць і не служыў, а сапраўдны мужчына, надзейны. Урэшце, даказаць гэта можна не толькі арміяй. Мы за ім – як за сцяной.
І яшчэ адно прыгадалася. На ўрачыстасці, прысвечанай Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, выпала сядзець побач з дзяўчынкамі-шчабятухамі. Непаседлівых, гаманлівых весялушак нават сур’ёзная тэма мерапрыемства не магла настроіць на адпаведны лад. Міжволі падумалася: а гэта ж шчасце, што дзеці не ведаюць тых жахаў, што перажылі іх дзяды і бацькі. Вось і ў сем’ях гэтых весялушак, напэўна ж, не «баліць» Афганістан, ён для іх – нешта далёкае, што некалі адбывалася з кімсьці, а не з імі. І таты дзяўчынак, відаць па ўсім, неслі службу не ў гарачых кропках. Шчаслівыя…
Урэшце, як каму выпала, салдат, як кажуць, вайну не выбірае. А калі час выбірае яго, менавіта ён, сапраўдны мужчына, закрывае сабой і сваю сям’ю, і бацькоўскі дом, і вялікую Радзіму. І не толькі ў ваенны час.
Ёсць добрая песня «Мужчыны»на словы Расула Гамзатава. Пра мужчынскія доблесць, мужнасць і сумленне спяваецца ў той песні. А яшчэ там ёсць заклік да кожнага з іх, прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, памятаць сваё высокае званне – мужчына.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 37 queries