Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вакол чарніц

У разгары ягадны сезон. Цяпер у лес не трапіў хіба што самы заняты або хворы. Хтосьці прыходзіць сюды каб нарыхтаваць суніц ды чарніц для сваёй сям’і, іншыя актыўна збіраюць ягады для здачы. І тых, і другіх не са слоў разумею: штолета збіраем ягады на зіму сваёй сям’ёй, быў час, калі і здавалі. Так ці інакш, але заўсёды адпраўляліся ў лес з вядзерцам і без ніякіх там «камбайнаў-грабілак», што рвуць сваімі «зубамі» ўсё без разбору…
На днях у рэдакцыю патэлефанавалі жанчыны з Касцяневіцкага сельсавета.
– Мы лічым, што вельмі рана дазволілі прымаць чарніцы ад насельніцтва, – падзяліліся яны. – Самі збіраем ягады і бачым, як некаторыя вераломна рабуюць ягаднікі – рвуць камбайнамі і зялёныя ягады і лісце. Затым вёдрамі вязуць здаваць. А ў тых вёдрах – палова зелені ды лісця. Нейкая ж бабулька прынясе вядзерца спелых, чысценькіх чарніц, якія сабрала з такімі намаганнямі. Крыўдна, што і ў адных, і ў другой вітамінную прадукцыю прымуць за адну і тую ж цану. А чаму б не падыходзіць да справы разумна: спелыя і чыстыя ягады – за адну цану; зялёныя, неперабраныя, з-пад «камбайна» – напалову дзешавей. Тады б, можа, думалі і меней псавалі…
Мне здаецца, жанчыны разважаюць слушна. А што думаюць на гэты конт нарыхтоўшчыкі? Так, у Касцяневічах дарункі лесу прымае нарыхтоўшчыца раённага спажывецкага таварыства Лідзія Вансовіч. Я перадала ёй тое, пра што мне гаварылі жанчыны па тэлефоне.
– Поўнасцю з імі згодна, – падтрымала Лідзія Барысаўна. – Было б правільна, каб і сапраўды за чыстыя, спелыя, сабраныя рукамі ягады цана была вышэйшая, чым за тыя, якія рвуць рознымі там прыстасаваннямі. У кожнага нармальнага чалавека душа баліць, калі бачыць, як вынішчаюцца ягаднікі, зусім зялёныя ягады. Я, дарэчы, такіх і не прымала, у мяне нарыхтаваны толькі спелыя і чыстыя чарніцы. І з тэрмінамі прыёмкі, лічу, трэба разабрацца, яго трэба назначаць тады, калі ягады ўжо спелыя.
Кожны раз, калі бываем у лесе, мая матуля, збіраючы ягады, паўтарае:
– Вось жа так дае Бог, што і не сее іх ніхто, не палівае, а растуць для людзей…
Так, чарадзей-лес частуе нас сваімі дарункамі, а некага і выручае ў цяжкую хвіліну, як клапатлівы бацька. Толькі вось не ўсе «дзеці» гэта цэняць…

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries