Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У рытме вальса

На днях патэлефанавала пастаянная чытачка нашай газеты.
– У апошні час выпала быць на двух вяселлях, – падзялілася яна. – Што тут скажаш, усё весела, багата, шчодра. Уражанняў прыемных засталося многа. І адна акалічнасць, якая засмуціла – не ўмее наша моладзь прыгожа танцаваць. Зайграюць вальс, музыка аж за душу бярэ, тут бы выйсці парам, закружыць… Ды дзе там! Добра, калі хоць адзін хлопец з усіх крыху ўмее танцаваць вальс, астатнія ж топчуцца на месцы і ўсё.
Згодна з жанчынай поўнасцю. Так, далёка не усе маладыя людзі, нашы дзеці, прыгожа танцуюць. Ды што там нашы дзеці… Далёка не ўсе мае аднагодкі, мужчыны і жанчыны сярэдняга ўзросту, з вальсам на «ты». Мы з таго пакалення, калі ў модзе былі «шэйк», «павольны»… А калі ж, бывала, на дыскатэках ігралі вальсы (узгадваеш да дрыжыкаў хвалюючую музыку Догі з кінафільма «Мой ласкавы і пяшчотны звер», «Белы танец» Тухманава) найчасцей выходзілі… дзяўчына з дзяўчынай. Хлопцам жа падавай «павольны»…
Адна мая знаёмая ў свой час працавала ў сельскім клубе. Былі мы тады маладыя, няўрымслівыя, з задавальненнем удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Памятаю, з якой настойлівасцю вучыла яна хлопцаў танцаваць вальс. Спачатку тыя ўпарціліся, пасля, што называецца, увайшлі ў ахвоту.
– Мне, тады сарамліваму хлопцу, уменне танцаваць так дапамагло! – прыгадваў ужо праз многа гадоў салідны мужчына. – Ды я і ажаніўся з каханай дзяўчынай толькі дзякуючы вальсу! Так бы ёй ніколі не асмеліўся прызнацца… Ды яна ацаніла мяне як танцора, бывала, як толькі музыка падыходзячая, дык мы з ёй вальсіруем. Датанцаваліся, карацей, да вяселля. А каб не тыя танцы, дык я ж бы і не падышоў да яе – не асмеліўся б, так і ўпусціў бы дзяўчыну.
Усё гэта прамільгнула ў галаве, калі слухала нашу чытачку.
– Думаю, не шкодзіла б вучыць нашых дзяцей прыгожа танцаваць яшчэ ў школе ці нават у садку, – выказала на развітанне яна сваё меркаванне. – І не толькі тых, хто жадае, а ўсіх. Гэта ж так важна…
Не буду аспрэчваць, важна. А ў іншых выпадках (як і ва ўзгаданым мной) – жыццёва важна.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries