Не, гэта быў не слон з вядомага дзіцячага верша. Званіў нейкі мужчына. Пагаварылі…
Паклала тэлефонную трубку, а на сэрцы неяк прыкра. І чаго гэта, здавалася б? Ну, патэлефанаваў у рэдакцыю незнаёмы чалавек, ва ўсіх сваіх і не толькі праблемах абвінаваціў нас, журналістаў, а ў канцы яшчэ і вылаяўся. Атрымалася, што газета вінавата ў тым, што ў яго нізкая зарплата; дачка вучыцца ва ўніверсітэце платна ды яшчэ і пакой бацькі ёй здымаюць за сотню «амерыканцаў»; падаражэлі цыгарэты і вада… І яшчэ многае давялося выслухаць ад злоснага незнаёмца. Хоць за гады працы ў газеце жыццё зводзіла з самымі рознымі людзьмі, ад якіх чула і добрае, і не вельмі, асадак на душы застаўся.
Жыць у грамадстве і быць свабодным ад яго нельга. Прыкладна так сказаў у свой час вядомы чалавек. Значыць, уступаючы ў нейкія стасункі з іншымі людзьмі, трэба пакінуць недзе ў сабе (хоць і нялёгка гэта іншы раз) свае злосць, раздражнёнасць, крыўду, боль. Гэта ўсё – ваша, і субяседнік ніяк не заслугоўвае, каб усё гэта абрушвалася на яго. Урэшце, існуе цэлая навука, якая дае веды ў такім, здавалася б, зразумелым – у зносінах з іншымі людзьмі. А як мне думаецца, дык гэтае ўменне ў кожным чалавеку павінны выхаваць бацькі.
Мая даўняя знаёмая многа гадоў адпрацавала ў гандлі. Жанчына з тых, пра якіх гавораць, што яна нібы і нарадзілася работнікам прылаўка. Разоў колькі назірала за тым, як яна працуе з пакупнікамі. Шчыра прызнацца, любавалася. Да кожнага яна з усмешкай, з кампетэнтнай парадай і (да больш, відаць, знаёмых) кампліментамі. І людзі ў адказ усміхаюцца, гавораць цёплыя словы, з задавальненнем набываюць нешта патрэбнае (а часам, можа, і не такое патрэбнае, ды як не купіць у такога кампетэнтнага ды ўсмешлівага прадаўца), шчаслівымі выходзяць з магазіна… Між тым, у асабістым жыцці гэтай моцнай духам жанчыны столькі ўжо няпростага ды балючага!
– Гэта ўсё маё, людзі тут ні пры чым, – рэзонна разважае яна. – Дома і пасумую, і паперажываю, і паплачу ў падушку. А выходжу на працу – «адзяваю» ўсмешку, глыбока ў сабе хаваю боль, злосць і крыўды. Вось і ўвесь сакрэт.
Такія вось зусім нескладаныя правілы. Засвоілі б іх ўсе, каму штодзённа трэба мець справу з іншымі людзьмі, – намнога святлейшым было б наша жыццё… А вось што тычыцца тэлефонных размоў, дык на грубасць і брыдкаслоўе нарываюцца многія. Вось і на днях аднаго знаёмага, які крыху памыліўся лічбамі пры наборы, нейкая прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва непрыгожа “паслала”… Не разабраўшыся, не даўшы чалавеку магчымасці сказаць «прабачце», што звычайна кажа пры памылцы любы выхаваны чалавек. Мужчына, дарэчы, пасля падзяліўся: не столькі крыўдна, што «паслалі», колькі тое, што бруд той зляцеў з жаночых вуснаў.
Ірына БУДЗЬКО