Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У каго ў вушах пішчыць?

Калісьці даўно, у самым пачатку сваёй працы ў рэдакцыі, пісала матэрыял пра ўзаемаадносіны суседзяў. Падставай для гэтага стаў тады зварот віляйчанкі, якая ніяк не магла знайсці паразумення з суседкай. Ну ніяк не маглі жанчыны вырашаць пытанні цывілізавана, спакойна. Нават суседская курыца, якая, здаралася, выпадкова праціскалася на чужы падворак, станавілася прычынай доўгай «вайны» паміж жанчынамі. У матэрыяле, вядома ж, не называліся ні прозвішчы, ні нават вуліца, дзе жылі героі публікацыі. Памятаю толькі, што пасля выхаду яе давялося, што называецца, адбівацца ад столькіх званкоў! «Гэта яна першая пачынае, а не я!», «А ў мяне ўвогуле курэй няма…», «Мы жывём не ў прыватным сектары, а ў шматпавярхоўцы» – гэтыя і многія іншыя тлумачэнні незнаёмых мне людзей давялося выслухаць. Высветлілася, што сябе ў матэрыяле пазналі многія. І толькі маё заканамернае пытанне «А чаму вы лічыце, што напісана пра вас?» крыху астуджала пыл, жанчыны на нейкую хвіліну губляліся, а затым, прамармытаўшы штосьці накшталт «А яна можа…», перарывалі размову. Зразумела было адно – пацвярджалася народнае «хто ўкраў парася, у таго ў вушах пішчыць».
Нядаўна ў рэдакцыю звярнулася па тэлефоне жанчына і расказала, як у адным з магазінаў яна пераблытала пяцідзесяцітысячныя купюры з тысячнымі і разлічылася. Прадавец гэтага, атрымліваецца, не заўважыла. Вядома, можна было б дасканала разабрацца ў сітуацыі адразу і ўстанавіць ісціну – пенсіянерка не стала гэтага рабіць, бо агледзелася толькі дома ды і пашкадавала свае нервы і час. А падзялілася тым, што з ёй адбылося, толькі для таго, каб усе мы былі больш пільнымі і, як кажуць, лічылі грошы і высвятлялі адносіны,не адыходзячы ад касы.
Пасля выхаду газеты з гэтай публікацыяй да нас былі звароты з патрабаваннем ледзь не абвяржэння надрукаванага. Толькі хто канкрэтна быў пакрыўджаны? Ні аднаго прозвішча, ні назвы магазіна, ні нават вуліца ў матэрыяле не названы. Таму, калі пра некага «ўвесь горад гудзіць» (так выказалася адна з ананімных чытачак газеты), то гэта, прабачце, зусім не па віне рэдакцыі. І зусім лішняе шукаць у гэтай сітуацыі нейкіх зацікаўленых… Урэшце, як бы там ні было, а напісанае толькі на карысць усім: і тым, хто прадае, і тым, хто купляе – будзем пільней лічыць грошы. Ці не так?
Ірына БУДЗЬКО

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю патэлефанавала пенсіянерка, з якой здарылася непрыемнасць з грашыма. Яна паведаміла, што, хутчэй за ўсё, купюры пераблыталіся не ў тым магазіне (а мы і не пісалі, у якім канкрэтна), а ў іншым месцы. Карацей, разабраліся. Але факт застаецца фактам: трэба глядзець, чым і дзе разлічваемся і якую рэшту нам даюць.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries