Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ці ёсць альтэрнатыва «стралялцы»?

Аднойчы ў спецыялізаванай краме каля стэлажа з камп’ютарнымі дыскамі давялося ўбачыць такую карціну. Дзядуля з унукам уважліва разглядалі пярэстыя вокладкі гульняў, якіх было столькі, што ў малога вочы проста разбягаліся.

– Якая табе падабаецца? – спытаў дзядуля ў хлопчыка, на выгляд якому можна было даць гадоў пяць-шэсць.

Той, на хвіліну разгубіўшыся, паказаў пальцам на першую, што трапілася на вочы. З вокладкі на дзеда з унукам пазіраў баец у камуфляжы са зброяй у руках, а на заднім плане рваліся снарады…

Дыск яны ўсё ж купілі і пайшлі з магазіна, як было відаць, задаволеныя пакупкай і сабой. Адначасова з пачуццём нейкай разгубленасці прыйшла думка: калі ўжо з гэтых год дзіцяці ўкладваюць у руку зброю (хай сабе і «несапраўдную»), кім яно вырасце? Прагледзела асартымент на іншых стэлажах. Апроч «стралялак» знайшліся і «стратэгіі», заснаваныя на гістарычных падзеях, на іншым стэлажы – дыскі з гульнямі па матывах дзіцячых мультфільмаў, разнастайныя развіваючыя гульні, у якіх персанажы казак і мультыплікацыйныя героі ў зразумелай форме вучаць дзіця азам розных навук (ад матэматыкі – да замежнай мовы). На вокладцы пазначаны і ўзроставы цэнз – «ад» і «да». Няўжо сярод іх не знайшлося б карыснай альтэрнатывы жудаснай «стралялцы»?

Часу не ўласціва стаяць на месцы. І разам з тымі зменамі, якія адзначаюцца на кожным яго этапе, змяняецца і наша жыццё. Я маю на ўвазе развіццё тэхнічнага прагрэсу. Яго праявы ў штодзённым жыцці адчуваем не толькі мы, дарослыя, але і нашы дзеці. Камп’ютар як сродак для пошуку, перадачы і апрацоўкі інфармацыі даўно перастаў быць раскошай. А камп’ютарныя ігры замянілі звычайныя. Памятаеце, як у адной з серый «Ералаша»? Бацькі збіраюць сына на хакейны матч: экіпіроўка, клюшка, канькі, бацькавы парады – усё як мае быць. Але ва ўсім гэтым «абмундзіраванні» герой сюжэта ідзе не да хакейнай каробкі, а ў кватэру да сябра, з якім яны ўдваіх «рэжуцца» у камп’ютарную гульню. Серыя скончылася на звыклай для «Ералаша» жартаўлівай ноце. Але падтэкст застаўся.

Не хачу сказаць, што камп’ютар прыносіць толькі шкоду. Галоўнае – правільна і рацыянальна яго выкарыстоўваць. Як і тыя выгоды, што нясе з сабой тэхнічны прагрэс.

Нягледзячы на час, дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі. Таму знаёмства з камп’ютарным светам не павінна быць бескантрольным. А для таго, каб ад яго было больш карысці, чым шкоды, побач заўсёды павінен быць дарослы. Які, безумоўна, уплывае на тое, каб адчуванне рэчаіснасці і стаўленне да жыццёвых каштоўнасцяў у дзіцяці выпрацавалася правільнае. І прыкладам для гэтага таксама няхай будзе дарослы, а не камп’тарная «дарослая» гульня і яе стэрэатыпы.

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries