Гэтае пачуццё знаёма, пэўна, кожнаму: едзеш па горадзе, любуешся прыгожымі будынкамі, чыстымі вуліцамі і раптам – запэцканыя чыёйсьці рукой аўтобусны прыпынак, сцяна дома. І неяк адразу становіцца не па сабе. Хто гэта робіць? Навошта?
Нядаўна давялося быць у Вілейскай ЖКГ і гутарыць з начальнікам участка «Сануборка» Людмілай Мікляевай. Тэма размовы ў нас была іншая, а пачала Людміла Мікалаеўна з гэтага.
– Толькі пафарбуем прыпынак, а неўзабаве то надпіс які, то малюнак, – расказала яна. – І зноў фарбуем. Колькі грошай выкідаецца…
Ды каб жа толькі гэта. Аказваецца, ёсць у нас і ахвотнікі прысвоіць чугунныя сметніцы, што стаяць у горадзе. Навошта? Хутчэй за ўсё, каб здаць на метал. Узнікае заканамернае пытанне: няўжо ж прыёмшчыкаў не хвалюе, адкуль гэта і хто здае гэтыя сметніцы? Хутчэй за ўсё, мяркуе Людміла Мікалаеўна, іх проста разбіваюць.
– А колькі праблем было з дошкай аб’яў на пляжы «Сонейка», – расказвае мая суразмоўца. – Толькі паставім – вырвуць ды кінуць. Вырашылі забетаніраваць. Тады «майстры» пайшлі далей – увогуле зламалі. І дошкі ад «распраналкі» на пляжы адрываюць, і пліты, што пад смеццевымі кантэйнерамі, б’юць. Не хочацца думаць, што гэта робяць дарослыя людзі…
Заявы на «штукарствы» пакуль невядомых «майстроў» напісаны, міліцыя іх шукае і, думаецца, знойдзе. Бо любой вяровачцы, колькі б яна не вілася, канец будзе. А што ж цяпер? Думаецца, ніякага эфекту ад слоў ушчування гэтых людзей на газетнай старонцы не будзе. Наўрад ці прачытаюць яны… Тут хутчэй трэба звярнуцца да ўсіх тых, хто неабыякавы да парадку ў нашым горадзе. Няўжо ні адзін чалавек не быў сведкам, як нешта ламалі, вырывалі, размалёўвалі? Думаю, хтосьці ды быў. І што ён зрабіў? Невядома…
Неяк, памятаю, пазваніла ў рэдакцыю жанчына і доўга абуралася ўчынкам падлеткаў, якія білі нагамі ў плот на адной з вуліц. І куды глядзяць бацькі, міліцыя, гаварыла яна. І дадала: я ж, маўляў, чалавек нераўнадушны, таму і званю… Згодна, пытанні ёсць. Але наўрад ці паставіш пры кожным патэнцыяльным парушальніку міліцыянера. Тады не трэба, напэўна, быць проста сузіральнікамі і тым, хто з’яўляецца сведкай парушэння. Уступаць у канфлікт з падобнымі “героямі” жанчыне, вядома, небяспечна. Пра гэта якраз і гаварыла мая суразмоўца. Але ж чаму не патэлефанаваць у міліцыю?
– А мне гэта трэба? – адрэзала жанчына. – Няхай самі шукаюць.
Такая вось пазіцыя «нераўнадушнага» чалавека.
Ірына БУДЗЬКО
Такія мы нераўнадушныя
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов