Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свята сапраўдных мужчын

У чацвер, 23 лютага, мы адзначалі свята сапраўдных мужчын – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Але ў гэты дзень віншаванні атрымалі не толькі тыя, хто трымаў у руках зброю і выконваў свой ваенны абавязак. Мужчыны, якія па пэўных абставінах не служылі ў арміі, і хлопчыкі-школьнікі таксама атрымалі сваю долю ўвагі і добрыя словы-пажаданні. Так склалася ў нашым грамадстве – і гэта правільна. Бо аб «сапраўднасці» мужчыны сведчыць не толькі адзнака ў ваенным білеце, а, найперш, чалавечыя якасці. А што сапраўдным мужчынам хлопчыка трэба выхоўваць з дзяцінства – рэч бясспрэчная.

Быць мужчынам можна і ў звычайным жыцці. Абаронцам сям’і і яе інтарэсаў. Ставіцца з павагай да бацькоў і паважаць жонку. Выконваць сваю ролю ў выхаванні дзяцей. Трымаць дадзенае слова. Сумленна выконваць працоўныя абавязкі незалежна ад роду сваёй дзейнасці.

Сапраўдны мужчына саступіць у аўтобусе месца цяжарнай жанчыне або жанчыне з дзецьмі, а не адвернецца ў вакно і прыкінецца бяздушнай «мэбляй». Ён абавязкова, памятаючы пра сваю маці, якая нарадзіла і выхавала, дапаможа паднесці цяжкую сумку любой іншай жанчыне сталага веку. І не стане брыдкасловіць у прысутнасці жанчын і дзяцей (і тым больш у адносінах да іх), ды і ўвогуле ўжываць брудныя словы. І ў хатніх справах не стане па «ідэйных» меркаваннях дзяліць работу на «мужчынскую» і «жаночую». А ў сямейным жыцці будзе не «на буксіры» ў сваёй слабой паловы, а падставіць моцнае плячо ў складанай сітуацыі. І не здрадзіць, не пойдзе «на старану», абразіўшы гэтым тую, што прысвяціла яму сваё жыццё. І не прызнае гаспадыняй свайго лёсу вялікую бяду – гарэлку…  Шмат розных бакоў-граняў у жыцця, якія даюць магчымасць меркаваць у кожным канкрэтным выпадку «сапраўдны» той або іншы мужчына, ці наадварот. Безумоўна, шмат залежыць і ад жанчыны, якая побач.

…Пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выхаваць сына… Часта менавіта такую праграму называюць абавязковай для прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. Ды ўсё ж галоўным бачыцца тое, каб нават пад уплывам абставін сапраўдны мужчына заставаўся такім: прыкладам мужнасці, справядлівасці, сумленнасці, прыстойнасці. «Наш тата самы лепшы і ў доме генерал», – пяецца ў дзіцячай песенцы. Хочацца, каб у кожнай сям’і так і было.

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries