Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Што за казку, маці, бавіш ты дзіцяці?

Без яе, добрай казачкі, мусіць, не праходзіць у сям’і, дзе падрастаюць дзеткі, ні дня. Немаўлятку і месячыка няма, а маладая мамачка шчабеча і шчабеча яму. І гэта, безумоўна, правільна, бо лагодны мамін голас так патрэбен дзіцятку. Ён, голас самага блізкага чалавека, будзе суправаджаць чалавека ў жыцці.
Ехала на днях у аўтобусе. На сядзенні побач – маладая мамачка з дачушкай. Каб супакоіць малую непаседу ў час паездкі, мама паспрабавала зацікавіць яе нейкай кніжачкай. Спачатку паказвала дзяўчынцы ілюстрацыі, на якіх – размаляваныя, прыбраныя ў міні-спаднічкі і ў боты на высачэнных абцасах дзяўчаты.
– Гэта, дачушка, прынцэсы Вінкс, – паказвала на малюнкі мама. – Бачыш, якія яны прыгожыя. Давай пра іх прачытаем…
Мусіць, ужо на трэцім сказе дзяўчынка адвярнулася ад кніжкі, нецікава ёй стала чуць незнаёмыя ёй словы, пачынаючы ўжо ад гэтага – Вінкс… І дзяўчынка зноў закруцілася, зарумзала, а маці прыйшлося ў роспачы схаваць кніжку. І што ёй, маўляў, гэтай малой, яшчэ патрэбна!
А патрэбна тое, што дзіцяці ў такім узросце цікава. Размаляваныя прынцэсы Вінкс – гэта для старэйшых дзяўчынак. Такой жа малечы хутчэй па душы нешта проста-даходлівае пра забаўных звяркоў, яркія цацкі, маму з дзіцяткам – усё тое, што знаёма і блізка. Упэўнена, такія казкі абавязкова зацікавяць.
– Слухала б хоць цяпер, – ушчувала маці дзіця. – Вечарам з табой бавіцца няма калі: пакладу ў ложак, выключу святло – і бывай.
Прыгадваю той час, калі былі маленькімі мае дзеці. Чытала ім многа казак, і гэта малым падабалася. А ўвечары, калі клаліся спаць, казка на сон была абавязковай. Праўда, не з кніжкі, а свая, прыдуманая мною. Пра цікаўнага хлопчыка, якому вельмі хацелася ў школу; пра добрую дзяўчынку, з якой сябравалі ўсе хатнія жывёлы; пра сям’ю, дзе ўсе адно аднаму дапамагалі… Кожны вечар у нас былі новыя казкі, а іншы раз бывала, што з працягам (настолькі раскручваўся сюжэт, што «згарнуць» яго не хапала часу – мы з малымі засыналі). Адзіным мінусам такога складання казак было тое, што сама іншы раз забывалася некаторыя нюансы ў сюжэце. А ў малых жа памяць вунь якая, ім расказвай тое, на чым спынілася ўчора!
Казка… Яна іншы раз не лішняя і для дарослага, а для дзіцяці – рэч надзвычайная. І колькі недадае сваёй маленькай тая матуля, што «кладзе ў ложачак, выключае святло – і бывай».
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries